Cerca

Vatican News
Мігранты. Ілюстрацыйнае фота Мігранты. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Ватыканскі форум на тэму ксенафобіі, расізму і нацыяналізму

У Рыме пачалася міжнародная канферэнцыя на тэму: “Ксенафобія, расізм і папулісцкі нацыяналізм у кантэксце міграцыі”. Яна носіць экуменічны характар.

Арганізатарамі з’яўляюцца: ватыканская Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека і Сусветная Рада Цэркваў. Сваю дапамогу ў падрыхтоўцы аказала Папская рада спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Адкрываючы нараду, кардынал Пітэр Тарксан адзначыў, што кожны дзень мы назіраем драматычную гісторыю, у якой людзі рызыкуюць сваім жыццём у пошуках лепшай будучыні для сябе і сваіх сем’яў. Становішча мігрантаў, іх надзеі і раны з’яўляюцца выклікам для нашага сумлення і ўздымаюць пытанне пра тое, як наша грамадства ставіцца да іх.

Мы жывём у парадаксальным свеце, звярнуў увагу прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, паколькі з аднаго боку, як людзі “глабальнай вёскі”, жывём усё бліжэй і бліжэй адно да аднаго, але з другога, як сказаў Бэнэдыкт XVI, гэта не азначае, што мы становімся ўсё больш і больш братамі.

Іерарх нагадаў, што 70 гадоў таму міжнародная супольнасць афіцыйна прызнала шматлікія фундаментальныя правы, якія належаць кожнаму, без выключэння, незалежна ад расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, нацыянальнасці, сацыяльнага і маёмаснага статусу, нараджэння ці любых іншых абставін, палітычных перакананняў.

Ватыканскі кардынал прапанаваў спытаць, ці сёння ўсе гэтыя важныя прынцыпы не становяцца тым, што апраўдвае абыякавасць, маргіналізацыю, нянавісць, адчужэнне і непрыманне чалавека. І гэта адно з галоўных пытанняў, на якое паспрабуюць адказаць удзельнікі канферэнцыі.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 верасня 2018, 10:40