Бэта версія

Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: вызваліць свет ад прывіду ядзернай вайны

Неабходна вызваліць свет ад прывіду ядзернай вайны, падкрэсліў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН, арцыбіскуп Бернардзіта Ауса.

6 верасня 2018 г. ватыканскі дыпламат прыняў удзел у спецыяльнай сесіі ААН з нагоды Міжнароднага дня дзеянняў супраць ядзерных выпрабаванняў. Ён падкрэсліў, што адмова ад ядзернай зброі з’яўляецца маральным абавязкам дзяржаў дзеля дабра ўсяго чалавецтва.

Іерарх нагадаў, што Апостальская Сталіца заклікала да забароны падобнага роду ўзбраенняў ад самага пачатку ядзернай эпохі. Яшчэ ў 1943 г. – за два гады да першага ў гісторыі выпрабавання ядзернай тэхналогіі – Пій ХІІ выказваў заклапочасць у сувязі з выкарыстаннем атамнай энергіі не ў мірных мэтах, а пасля бамбардзіроўкі Хірасімы і Нагасакі, выступіў за поўную забарону гэтага.

Святы Пасад прагне, каб быў пачуты крык чалавецтва, якое просіць аб вызваленні ад прывіду ядзернай вайны і падтрымлівае ўсе ініцыятывы, якія садзейнічаюць свету, свабоднаму ад ядзернай зброі. “Забарона ядзерных выпрабаванняў з’яўляецца вялікім крокам для дасягнення гэтай мэты”, - сказаў ватыканскі дыпламат.

Паводле арцыбіскупа Аусы, Апостальская Сталіца жадае, каб Дамова аб ўсеагульнай забароне ядзерных выпрабаванняў увайшла ў сілу як мага хутчэй. На сённяшні дзень гэты дакумент падпісалі 183 краіны, а ратыфікавалі 166.

“Гэтыя лічбы паказваюць, што пераважная большасць дзяржаў жадае, каб Дамова ўвайшла ў сілу і ядзерным выпрабаванням быў пакладзены канец”

- падкрэсліў іерарх.

“Гэта стане важным крокам да свету без ядзернай зброі. Але яму перашкаджае адсутнасць паўсюднасці. Святы Пасад далучае свой голас да закліку да тых краін, ратыфікацыя Дамовы якімі патрэбна, каб яна ўвайшла ў сілу. Ужо мінула 22 гады з таго часу як было адкрыта падпісанне і ратыфікацыя гэтага дакумента”, - заўважыў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН.

Арцыбіскуп Ауса падкрэсліў, што ўступленне ў сілу Дамовы аб забароне ядзерных выпрабаванняў можа адбыцца толькі пры ўзаемным даверы, асабліва паміж дзяржавамі, ратыфікацыя з боку якіх неабходна, каб дакумент набыў сілу.

“Дамовы аб разбраенні з’яўляюцца не толькі юрыдычнымі абавязацельствамі, але таксама маральнымі, заснаванымі на даверы паміж дзряжавамі і ўкаранёнымі ў даверы, які грамадзяне маюць да сваіх уладаў. Кожны павінен спрыяць будаванню і ўмацаванню даверу, які неабходны для свету, свабоднага ад ядзернай зброі”, - сцвердзіў ватыканскі дыпламат.

Каб Дамова аб забароне ядзерных выпрабаванняў увайшла ў сілу, неабходна, каб яе ратыфікавалі 44 дзяржавы, якія валодаюць ядзернымі тэхналогіямі, пералічаныя ў спецыяльным дадатку да дакумента. Гэтага не зрабілі пяць краін: Кітай, Егіпет, Іран, Ізраіль і ЗША. Тры дзяржавы не падпісалі дакумент: Паўночная Карэя, Індыя і Пакістан.

Навіна ў фармаце аўдыё
07 верасня 2018, 10:12