Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

На Сінодзе Біскупаў не будзе забароненых тэм

На Сінодзе Біскупаў, які пройдзе 3-28 кастрычніка 2018 г. у Ватыкане, не будзе забароненых тэм, запэўніў Генеральны сакратар Сінода, кардынал Ларэнца Балдзісэры.

“Мы будзем размаўляць аб усім, абмяркуем усе праблемы. Табу не будзе”, - запэўніў высокі ватыканскі іерарх падчас прэзентацыі кнігі італьянскага святара, кс. Віта Маньё “Неўтаймаваныя летуценнікі. Моладзь у Касцёле папы Францішка” (Inquieti sognatori. I giovani nella Chiesa di Papa Francesco), падрыхтаванай у супрацоўніцтве з ватыканскай Дыкастэрыяй па камунікацыі.

Хуткі ўжо Сінода Біскупаў пройдзе на тэму “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”. Кардынал Балдзісэры заўважыў, што маладога пакалення тычацца шматлікія праблемы, звязаныя з беспрацоўем, наркотыкамі, сексам, спажывецтвам, віртуальным светам, парнаграфіяй, гомасексуалізмам, злоўжываннямі ў касцёльных структурах, і, вядома, што яны будуць абмяркоўвацца.

У той жа час, задачай Сінода з’яўляецца прамоцыя станоўчых аспектаў жыцця новага пакалення.

“Мы прагнем абнавіць Касцёл знутры і мець новыя сілы, здольныя глядзець у будучыню і рабіць свой унёсак на карысць грамадства”

- сказаў іерарх.

Паводле Генсека Сінода, сёння ў Касцёле ўзрастае ўсведамленне таго, што для суправаджэння моладзі патрэбны не толькі добра падрыхтаваныя асобы, але і прывабныя структуры. Існуе неабходнасць у новай стратэгіі душпастырства, арыентаваных на тое, каб уключыць маладых вернікаў у кантакт са знешнім светам. “У сэрцы Папы моладзь – гэта не толькі аб’ект, на які павінна быць скіравана ўвага, але і неад’емны суб’ект евангелізацыі”, - дадаў Генеральны сакратар Сінода Біскупаў.

Навіна ў фармаце аўдыё
27 верасня 2018, 12:01