Бэта версія

Cerca

Vatican News
Арцыбіскуп Рына Фізікела Арцыбіскуп Рына Фізікела 

Ватыканскі іерарх пра змены ў Катэхізісе

Арцыбіскуп Рына Фізікела, старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі, пракаментаваў новую рэдакцыю параграфа 2267 Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, у якім гаворыцца аб смяротным пакаранні.

У артыкуле пад загалоўкам “Смяротнае пакаранне – недапушчальнае”, які быў надрукаваны на старонках ватыканскай газеты “L’Osservatore Romano”, ён падкрэсліў, што згаданы параграф Катэхізіса быў сфармуліраваны ў кантэксце годнасці чалавечай асобы.

Выразныя і рашучыя словы, якімі Францішак шматразова асуджаў смяротнае пакаранне, павінны былі знайсці адлюстраванне ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла. З нагоды яго 25-годдзя сам Папа казаў аб неабходнасці зменаў, нагадаў арцыбіскуп Фізікела.

У духу вучэння сваіх папярэднікаў, асабліва сцвярджэнняў св. Яна Паўла ІІ і Бэнэдыкта XVI, Францішак хацеў зрабіць акцэнт на годнасці асобы, якая ніякім чынам не можа быць прыніжана ці абражана.

“Трэба рашуча сцведзіць, што смяротнае пакаранне, незалежна ад таго, якім чынам яно здзяйсняецца, з’яўляецца бесчалавечным сродкам, які прыніжае чалавечую годнасць. Яно супярэчыць Евангеллю”

- казаў ён.

Такім чынам новая рэдакцыя параграфа 2267 – гэта рашучы крок наперад для Касцёла на шляху спрыяння годнасці кожнага чалавека, незалежна ад злачынства, якое ён мог учыніць. Тэкст выразна асуджае смяротнае пакаранне і адкрывае шлях для большых высілкаў і адказнасці вернікаў, асабліва ў тых краінах, дзе смяротнае пакаранне дагэтуль ужываецца, падкрэсліў арцыбіскуп Фізікела.

На думку ватыканскага іерарха, уважлівае прачытанне тэксту дазваляе таксама сцвердзіць, што Касцёл, на працягу апошніх дзесяцігоддзяў, здзейсніў сапраўдны дагматычны прагрэс у разуменні вучэння пра годнасць асобы і, як наступства, у фармуліроўцы свайго погляду на смяротнае пакаранне.

“Бараціць дэпазіт веры не азначае муміфіцыраваць яго, але рабіць, каб ён лепш адпавядаў сваёй прыродзе. Гэта значыць, што трэба дазволіць, каб праўда веры магла адказваць на пытанні кожнага пакалення. Традыцыю нельга ўяўляць як насякомае ў бурштыне, як кажа красамоўны англійскі выраз. Калі б так было, мы б яе знішчылі. Вучэнне веры Касцёла з’яўляецца абвяшчэннем, словам, якое застаецца жывым, каб заўсёды пабуджаць, паўсюль і ўсіх, да свабоднага заняцця пазіцыі на карысць перамены свету”, - напісаў ён.

Паводле слоў арцыбіскупа, змяшчаючы тэму смяротнага пакарання ў кантэксце годнасці чалавечай асобы Францішак зрабіў важны крок у інтэрпрытацыі нязменнага вучэння.

“Гэта развіццё і прагрэс у разуменні Евангелля, які адкрывае перспектывы, што дагэтуль знаходзіліся ў ценю”

- дадаў ён.

Арцыбіскуп Фізікела падкрэсліў, што Касцёл не забывае пра пакуты ахвяр і ўчыненую несправядлівасць, але прагне, каб правасудзе вяршылася без жадання помсты, але з адказнасцю, якая дазваляе з мужнасцю ўзняцца над бягучым момантам.

“Гэта позірк у будучыню, дзе навяртанне, пакаянне і жаданне распачаць новае жыццё нельга адняць у нікога, нават у тых, хто здзейсніў самыя цяжкія злачынствы. Свядомае пазбаўленне чалавека жыцця супярэчыць хрысціянскаму Аб’яўленню. Указваць на каштоўнасць прабачэння і адкуплення правінаў – гэта выклік, які Касцёл можа прыняць як заданне новай евангелізацыі”, - напісаў старшыня Папскай рады.

Навіна ў фармаце аўдыё
03 жніўня 2018, 12:35