Бэта версія

Cerca

Vatican News
Арцыбіскуп Эдгар Пэна Пара падчас сустрэчы з Францішкам Арцыбіскуп Эдгар Пэна Пара падчас сустрэчы з Францішкам  (Vatican Media)

Святы Айцец прызначыў новага Субстытута па агульных справах

Новы Субстытут па агульных справах у Дзяржаўным Сакратарыяце, гэта арцыбіскуп Эдгар Пэна Пара, венесуэлец, да сённяшняга дня – Апостальскі нунцый у Мазамбіку.

Аб рашэнні Пантыфіка абвясцілі ў Ватыкане 15 жніўня 2018 г., ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Новы намеснік Дзяржсакратара нарадзіўся ў Маракайба 6 сакавіка 1960 г. Паступіў на дыпламатычную службу Апостальскай Сталіцы 1 красавіка 1993 г. Працаваў у нунцыятурах у Кеніі, Югаславіі, Паўднёвай Афрыцы, Гандурасе, Мексіцы, пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Жэневе. З 2001 па 2014 гг. быў нунцыем у Пакістане, а з 2015 г. – у Мазамбіку. Размаўляе на іспанскай, італьянскай, англійскай, французскай, партугальскай і сербска-харвацкай мовах.

Арцыбіскуп Эдгар Пэна Пара змяніў на пасадзе італьянца, кардынала Джавані Анджэла Бэчу, прызначанага больш за месяц таму прэфектам Кангрэгацыі па справах Кананізацыі.

Субстытут з’яўляецца адным з бліжэйшых супрацоўнікаў Папы. Нягледзячы на тое, што гэта не сцісла дыпламатычная пасада, на яе, як правіла, выбіраюць асобу з ліку дыпламатычнага персаналу.

Францішак зрабіў прызначэнне напярэдадні паездкі ў Ірландыю на Сусветную сустрэчу сям’яў. Падчас такіх мерапрыемстваў Субстытут уваходзіць у групу асоб, якія суправаджаюць Папу.

Падчас пантыфікату Яна Паўла II з’явіліся першыя Субстытуты не-італьянцы: іспанец Эдуарда Марцінес Сомало займаў пасаду з 1979 па 1988 гг. Пасля яго на працягу года намеснікам Дзяржсакратара быў аўстралійскі іерарх, Эдвард Ідрыс Касідзі. З 1989 па 2000 гг. Першай секцыяй Дзяржсакратарыяту кіраваў італьянец Джавані Батыста Рэ, а затым, з 2000 па 2007 гг., аргентынец Леанарда Сандры.

Навіна ў фармаце аўдыё
15 жніўня 2018, 12:52