Cerca

Vatican News
Ян Павел ІІ Ян Павел ІІ 

Святы Пасад: маральная тэалогія на аснове думкі Яна Паўла II

Папскі тэалагічны інстытут Яна Паўла II па пытаннях сужэнства і сям’і арганізуе ў Рыме канферэнцыю па пытаннях маральнай тэалогіі.

23-24 лістапада 2018 г. у Рыме адбудзецца XVIII Канферэнцыя па пытаннях маральнай тэалогіі, арганізацыяй якой займаецца Папскі тэалагічны інстытут Яна Паўла II па пытаннях сужэнства і сям’і.

Нагодай для склікання навукова-экспертнага пасяджэння стане 25-годдзе публікацыі энцыклікі Яна Паўла II “Veritatis Splendor”. Міжнародная група даследчыкаў маральнай тэалогіі вышэй узгаданай установы пераканана, што Апостальскі дакумент мае быць прачытаны нанова, з улікам яго значнага ўплыву на сучасную этычную сітуацыю.

“Становіцца ўсё больш відавочнай патрэба ў этыцы, здольнай аднавіць хрысціяніна, каб мог у паўнаце перажываць сваё пакліканне ў Хрысце”

, - сцвярджаюць ініцыятары мерапрыемства. У такім выпадку, гаворыцца ў прэс-рэлізе, можна будзе “разглядаць канкрэтную сітуацыю той ці іншай асобы ў святле рацыянальнасці, якая адначасова дбае пра ўласнае дабро і пра патрэбы касцёльных структур, каб жыць з Хрыстом і прапаведаваць Евангелле ў свеце”.

У рамках Канферэнцыі запланаваны тры сесіі. Першая аб’яднае выступленні экспертаў на тэму “Агульнае разуменне сустрэчы з Хрыстом у сакрамэнтальнай рэчаіснасці”. Сярод выступоўцаў – арцыбіскуп Жан-Луі Бруге, Архіварыус і Бібліятэкар Святога Рымскага Касцёла.

Другая сесія на тэму “Час і рацыянальнасць паслядоўнікаў Хрыста” прадугледжвае выступленні выкладчыкаў шэрагу Папскіх універсітэтаў, у тым ліку салезіянскага і ўніверсітэта Святога Крыжа.

Нарэшце, заключная трэцяя сесія будзе называцца “Евангелізацыя як будаўніцтва каталіцкага жыццёвага прытулку”. Яе мадэратарам выступіць падсакратар Секцыі Жыцця Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, прафесар Габрыэла Гамбіна.

Энцыкліка Яна Паўла II “Veritatis Splendor” была апублікавана 6 жніўня 1993 г. Дакумент, праца над якім вялася на працягу шасці гадоў, застаецца адным з найбольш шматгранных і ўсебаковых навучанняў Каталіцкага Касцёла адносна маральнай тэалогіі.

У энцыкліцы Ян Павел II сцвярджае, між іншым, наяўнасць універсальнага маральнага закону, адзінага для ўсіх людзей, натуральна ўласцівага чалавеку. Менавіта ўніверсальнасць як прынцыповая характарыстыка маралі можа і павінна, на думку аўтара, служыць асновай для дыялогу паміж прадстаўнікамі розных культур і традыцый.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 ліпеня 2018, 11:24