Cerca

Vatican News
Нафтавая платформа ў акіяне Нафтавая платформа ў акіяне  (AFP or licensors)

Святы Пасад заклікае да гуманнай марской прамысловасці

Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН прыняў удзел у XXIV Сесіі Рады Міжнароднага органа па марскім дне.

Дзейнасць па разведцы і здабычы марскіх мінеральных рэсурсаў павінна кіравацца клопатам пра чалавека і навакольнае асяроддзе і толькі потым – эканамічнымі інтарэсамі, падкрэсліў арцыбіскуп Бернардзіта Ауса.

17 ліпеня 2018 г. Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН прыняў удзел у XXIV Сесіі Рады Міжнароднага органа па марскім дне, якая прайшла ў штаб-кватэры арганізацыі ў Кінгстане, на Ямайцы.

У сваім выступленні ватыканскі дыпламат падзяліўся шэрагам заўваг адносна прадстаўленага да разгляду праекта нарматыўнага дакумента па рэгуляванні глыбакаводнай распрацоўкі мінеральных рэсурсаў марскога дна.

Арцыбіскуп Ауса падкрэсліў, што няпэўнасці і небяспека, звязаныя з гэтай прамысловай дзейнасцю, патрабуюць дбайнага вывучэння і абмеркавання ўсіх яе аспектаў, каб звесці да мінімуму, змякчыць ці ліквідаваць яе негатыўныя наступствы. Ватыканскі дыпламат заклікаў удзельнікаў пасяджэння ўважліва сачыць, каб жыццё чалавека і клопат пра акіяны не саступалі месца фінансавым інтарэсам.

Для гэтага “хацелася б бачыць больш прывабныя стымулы для абмену тэхналогіямі і лепшымі практыкамі, як, напрыклад, увядзенне інавацыйных ліцэнзійных пагадненняў і сумесных даследчыцкіх ініцыятыў”, дадаў іерарх.

Арцыбіскуп Ауса выказаў занепакоенасць тым, што праект нарматыўнага дакумента надзяляе сам Міжнародны орган па марскім дне і краіны, якія фінансуюць разведку і здабычу марскіх мінеральных рэсурсаў, правам спыняць дзеянне кантракта на эксплуатацыю марскога дна ў выпадку недапушчальнага ўзроўню экалагічнага ўрону, выкліканага такой дзейнасцю. Больш таго, фінансавая мадэль праекта не прадугледжвае ўлік нанесенага экалагічнага ўрону пры падліках выдаткаў і даходаў, а таксама размеркавання прыбытку паміж краінамі.

У падыходзе да ацэнкі экалагічнай рызыкі распрацоўкі марскога дна дэлегацыя Святога Пасаду ўхваліла комплексную палітыку і ў якасці аднаго з яе элементаў прапанавала фарміраванне Рэгіянальных планаў па ахове навакольнага асяроддзя.

Міжнародны орган па марскім дне быў створаны ў 1994 г. на аснове Канвенцыі ААН па марскім праве як міжурадавая арганізацыя па кантролю працэсаў разведкі і распрацоўкі мінеральных рэсурсаў міжнароднага раёна марскога дна за межамі нацыянальнай юрысдыкцыі.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 ліпеня 2018, 15:58