Бэта версія

Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: новыя медыя-тэхналогіі для евангелізацыі Афрыкі

“Праведзеная Дыкастэрыяй па камунікацыі рэформа ватыканскіх СМІ пачынае прыносіць плён”, - перакананы новы кіраўнік узгаданай структуры Паола Руфіні.

Сваё бачанне місіі, перспектыў і асобных кірункаў дзейнасці Дыкастэрыі па камунікацыі яе прэфект акрэсліў у пасланні да ўдзельнікаў XIX Пленарнай асамблеі Асацыяцыі Біскупскіх Канферэнцый Усходняй Афрыкі (AMECEA), якая 13-23 ліпеня 2018 г. праходзіць у сталіцы Эфіопіі, горадзе Адзіс-Абеба.

“Мы ўжо можам назіраць рост кансалідацыі, супрацоўніцтва і згуртаванасці паміж сродкамі інфармацыі Апостальскай Сталіцы, якія дагэтуль існавалі паасобку”

, - гаворыцца, між іншым, у звароце.

Згодна з кіраўніком ватыканскай структуры, рэформа ні ў якім разе не прадугледжвае занядбанне краін з абмежаванымі магчымасцямі доступу да новых тэхналогій, значную частку якіх складаюць менавіта афрыканскія дзяржавы.

Спадар Руфіні спаслаўся на папу Францішка, які раней выказваў пажаданне, каб новаўтвораная па выніках рэформы Дыкастэрыя надавала асаблівую ўвагу і аказвала неабходную падтрымку менавіта гэтаму сегменту, нават калі гэта не заўсёды адпавядае галоўнаму курсу развіцця структуры, якім, па словах Пантыфіка, павінна быць дастасаванне лічбавых сродкаў камунікацыі да справы распаўсюджвання Евангелля.

“Акрамя таго, каб несці Евангелле і голас Святога Айца ў каталіцкія дамы, Дыкастэрыя мае намер пераказваць свету навіны пра поўны жыцця афрыканскі Касцёл, з усімі яго поспехамі і Божымі дарамі, выклікамі і пакутамі”

, - запэўніў ватыканскі прэфект.

Сваё пасланне Руфіні завяршыў выказваннем надзеі на тое, што існуючае супрацоўніцтва паміж Асацыяцыяй Біскупскіх Канферэнцый Усходняй Афрыкі і Дыкастэрыяй па камунікацыі Святога Пасаду не проста працягнецца, але будзе ўзмацняцца”.

Асацыяцыя Біскупскіх Канферэнцый Усходняй Афрыкі была заснавана ў 1961 г. як каардынацыйны цэнтр для епіскапатаў асобных краін рэгіёну ў працэсе ўзаемадзеяння і прыняцця рашэнняў. Сёння ў яе структуру ўваходзяць Канферэнцыі Біскупаў Эфіопіі, Эрытрэі, Кеніі, Малавіі, Танзаніі, Замбіі, Судана і Уганды. Яшчэ дзве краіны – Самалі і Джыбуці – маюць у ёй статус назіральнікаў.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 ліпеня 2018, 14:11