Бэта версія

Cerca

Vatican News
Лагатып ватыканскай педыятрычнай клінікі “Bambino Gesù” Лагатып ватыканскай педыятрычнай клінікі “Bambino Gesù” 

“Папская клініка”: больш якасная і хуткая дапамога дзецям

Ватыканская педыятрычная клініка “Bambino Gesù” прадставіла справаздачу па выніках сваёй працы ў 2017 г.

Прэзентацыя адбылася 11 ліпеня 2018 г. у канферэнц-зале пры рымскай базыліцы св. Паўла за Мурамі.

Упершыню бальніца “Bambino Gesù”, якая, дарэчы, 19 сакавіка 2019 г. адзначыць сваё 150-годдзе, прадставіла разам вынікі сваёй медыцынскай, даследчай і сацыяльнай дзейнасці, вылучыўшы праекты і ініцыятывы, якія, як чакаецца, зменяць аблічча ўстановы.

З агучаных паказчыкаў непасрэднай медыцынскай дзейнасці вынікаюць тэндэнцыі да павелічэння выпадкаў гаспіталізацыі (звыш за 28 тыс. за 2017 г.) і аказання клініка-дыягнастычных паслуг (амаль 2 млн.). За мінулы год спецыялістамі бальніцы была праведзена 321 трансплантацыя органаў і тканін, распачата лячэнне 13 тыс. пацыентаў з рэдкімі захворваннямі.

У галіне навуковай дзейнасці ўстановы назіраецца рост здзейсненых даследаванняў, вынікам якіх стала выяўленне 16 новых рэдкіх захворванняў і публікацыя 663 навуковых артыкулаў.

Фінансавыя паказчыкі дзейнасці дзіцячай бальніцы засведчылі станоўчую дынаміку: па выніках 2017 г. даход бальніцы склаў 322,2 млн. еўра, у той час як выдаткі – 313,4 млн. еўра. Сярод асноўных крыніц грашовых паступленняў клінікі – выплаты за аказаныя медыцынскія паслугі (214 млн. еўра), штогадовы ўнёсак з боку дзяржавы (43,5 млн. еўра), фінансаванне навуковай дзейнасці (20 млн. еўра) і ахвяраванні (3 млн. еўра).

У бліжэйшы час медыцынскі комплекс “Bambino Gesù” пашырыцца дзякуючы адкрыццю ў Рыме трох новых корпусаў: педыятрычнага хоспіса для аказання паліятыўнай дапамогі хворым дзецям; дадатковага лячэбнага корпуса, які зможа прыняць да 70 пацыентаў; і новай прасторнай сядзібы педыятрычнай клінікі ў цэнтры італьянскай сталіцы.

На завяршэнне сустрэчы прысутны на ёй Дзяржсакратар Яго Святасці Папы, кардынал Пьетра Паралін пераказаў кіраўніцтву і супрацоўнікам “Bambino Gesù” прывітанне ад імя Пантыфіка і запэўніў, што для Францішка вельмі важныя стан і дзейнасць гэтай установы, якую ён лічыць “дзейсным інструментам праяўлення міласэрнасці”.

Навіна ў фармаце аўдыё
12 ліпеня 2018, 12:48