Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Апостальская Сталіца прадставіла дакумент аб спорце

Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця апублікавала дакумент пад назвай “Даць лепшае з сябе”, прысвечаны хрысціянскаму бачанню спорту. Яго прэзентацыя прайшла 1 чэрвеня 2018 г. у Ватыкане.

Дакумент скаладаецца з пяці раздзелаў. У ім утрымліваецца агляд гісторыі спартыўнай дзейнасці, антрапалагічны аналіз спорту з пункту гледжання каштоўнасцяў, разглядаюцца некаторыя выклікі і скажэнні ў гэтай сферы, такія як допінг і карупцыя, а таксама прапануецца пазіцыя Касцёла адносна спорту.

Падкрэсліваецца, што не існуе “хрысціянскага спорту”, але “хрысціянскі погляд на спорт”. Касцёл жадае знаходзіцца “ўнутры” спорту, які разумеецца як “спорт для чалавечай асобы”, гэта значыць прастора, дзе чалавек можа “даць лепшае з сябе”, дзе развіваюцца сяброўства, дыялог, роўнасць, павага і салідарнасць.

У дакуменце звяртаецца ўвага на тое, што спартыўныя каштоўнасці ў пэўным сэнсе з’яўляюцца “сінаптычнымі” з каштоўнасцямі веры, бо садзейнічаюць “гарманічнаму і цэласнаму развіццю асобы”, развіццю цела і душы.

Праводзячы паралелі паміж верай і спортам, аўтары звяртаюць увагу на важнасць прынцыпу “fair play”, які вучыць спартсменаў быць “уважлівымі і паважаць суперніка” не толькі пад страхам пакарання. Прытрымліванне гэтагу прынцыпу робіць атлетаў сапраўднымі выхавацелямі для моладзі, якая становіцца “ўсё больш разгубленай па прычыне згубы каштоўнасцяў”.

Звяртаецца ўвага на важнасць прынцыпу каманднай гульні, дзе спартсмен аддае ўсе свае здольнасці і таленты на карысць каманды, што можа быць адказам на вельмі распаўсюджаную “індывідуалістычную ментальнасць”. У сваю чаргу, дысцыпліна, якая неабходна спартсмену, каб ахвярна і пакорна трэніравацца, падобна да таго, што адбываецца ў жыцці з верай, дзе “ахвяра і пакуты могуць мець ператваральную сілу”.

Дакумент заўважае, што ля вытокаў дэградацыі ў спартыўнай дзейнасці нярэдка знаходзіцца жаданне “перамагчы любым коштам”. Звяртаецца ўвага на праблему “абесцэньвання цела”, якая пагражае здароўю атлетаў; ужывання допінгу; выклік карупцыі; неспартыўных паводзінаў заўзятараў.

У апошнім раздзеле, прысвечаным душпастырскім пытанням, адзначаецца, што ў сям’і спорт з’яўляецца “крыніцай адносін паміж бацькамі і дзецьмі”, але не павінен перашкаджаць удзелу у св. Імшы, а ў парафіях спартыўная дзейнасць можа быць уключана ў выхаваўча-душпастырскія праграмы.

Навіна ў фармаце аўдыё

 

01 чэрвеня 2018, 15:31