Бэта версія

Cerca

VaticanNews
Кардынал Пьетра Паралін Кардынал Пьетра Паралін 

Дзяржсакратар пра кардынала Эдуарда Піроніа

Постаць кардынала Эдуарда Франсіска Піроніа, шматгадовага старшыні Папскай рады па справах свецкіх, узгадалі ў Рыме. Памятная сустрэча адбылася 30 мая 2018 г. з нагоды 20-годдзя смерці іерарха.

Ад імя Святога Айца ў падзеі браў удзел кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. Ён заўважыў, што немагчыма патлумачыць жыццё іерарха і шматлікія заданні, якія яму былі даручаны, не беручы пад увагу Яго безумоўную любоў да Хрыста. “Ён быў настолькі злучаны з Панам, што нават у самыя складаныя моманты, ніколі не губляў унутранага спакою, які ўмацоўвала ў ім надзея”, - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Папы.

Каментуючы доўгія пакуты, якія кардынал Піроніа быў вымушаны перажыць у сувязі з цяжкай хваробай, кіраўнік ватыканскай дыпламатыі заўважыў, што крыж стаў для яго крыніцай шчасця, паколькі ён бачыў у ім прыладу збаўлення.

“Менавіта таму што кардынал Піроніа быў паяднаны з Укрыжаваным Хрыстом, ён заўсёды быў побач з патрабуючымі і пакутуючымі. Ён быў спадарожнікам на шляху шматлікіх бедных, роспачных людзей, тых, каму найбольш непашчасціла”, - дадаў кардынал Паралін.

Дзяржсакратар Яго Святасці прыгадаў, што кардынал Піроніа, будучы старшынёй Папскай рады па справах свецкіх, даў моцны імпульс заахвочванню ўсіх ахрышчаных да ўдзелу ў евангелізацыйнай місіі Касцёла, а таксама аказаў значную і фундаментальную падтрымку правядзенню Сусветных дзён моладзі.

Кардынал Эдуарда Франсіска Піроніа нарадзіўся ў 1920 г. у Аргентыне. Ён быў апошнім з 22 дзяцей Джузэпэ Піроніа і Энрыкі Бутадзоні, эмігрантаў з поўначы Італіі. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1943 г. У 1964 г. стаў біскупам. Займаў пасаду генеральнага сакратара, а затым старшыні Рады Біскупскіх Канферэнцый Лацінскай Амерыкі (СELAM).

З 1976 г. па 1984 г. быў прэфектам Кангрэгацыі па справах манаскага жыцця і свецкіх інстытутаў, а затым, з 1984 г. па 1996 г. – старшынёй Папскай рады па справах свецкіх. Кардынальскую годнасць атрымаў у 1976 г. Памёр у 1998 г. у Ватыкане. У 2006 г. быў пачаты працэс яго беатыфікацыі.
 

Навіна ў фармаце аўдыё
31 мая 2018, 11:17