Бэта версія

Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота. Плошча св. Пятра ў Ватыкане Ілюстрацыйнае фота. Плошча св. Пятра ў Ватыкане  (AFP or licensors)

Даследчыкі архіваў Рымскай інквізіцыі збяруцца ў Рыме

Каля сарака навукоўцаў з краін Еўропы і Паўночнай Амерыкі прымуць удзел у Міжнароднай канферэнцыі “Рымская інквізіцыя і яе архівы”.

Форум пройдзе 15-17 мая 2018 г. у старажытным палацы дамініканскай інсулы Санта-Марыя-Сопра-Мінерва ў Рыме, з нагоды 20-годдзя адкрыцця для даследчыкаў архіваў Кангрэгацыі Веравучэння.

З уступным словам перад удзельнікамі форума выступіць арцыбіскуп Франсіска Луіс Ладарыя Фэрэр, прэфект узгаданай дыкастэрыі Рымскай курыі. Сярод тэм, якія будуць абмяркоўвацца на канферэнцыі: межы навуковых даследванняў; месцы і асобы, звязаныя з Рымскай інквізіцыяй; Рымская інквізіцыя ў літаратуры, кіно і публіцыстыцы.

У рамках форума, у рымскай базыліцы Санта-Марыя-Сопра-Мінерва адбудзецца канцэрт музычнай капэлы “Santa Maria in Portico in Campitelli” і ансамбля “La Cantoria”, якія выканаюць араторыю кс. Франчэска Нікола Дэ Росі “Падзенне анёлаў”.

Канферэнцыя стане чацвёртай падзеяй у рамках цыклу “Memoria Fidei”, які праводзіцца з 2013 г. з мэтай наладжвання супрацоўніцтва паміж касцёльнымі архівамі.

Архівы Кангрэгацыі Веравучэння былі адкрыты для даследчыкаў у студзені 1998 г. Урачыстая інаўгурацыя праекту прайшла ў Нацыянальнай акадэміі дэі-Лінчэі – акадэміі навук Італьянскай Рэспублікі. Узначальваў цырымоніію тагачасны прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, кардынал Ёзэф Ратцынгер, будучы папа Бэнэдыкт XVI.

Кангрэгацыя Веравучэння (лац. Congregatio pro Doctrina Fidei) – найстарэйшая і галоўная дыкастэрыя Рымскай курыі, заданнем якой з’яўляецца назіранне за чысцінёй дактрыны і маралі Каталіцкага Касцёла, таму ўсё, што любым чынам тычыцца гэтых пытанняў, знаходзіцца ў межах яе кампетэнцыі.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 мая 2018, 14:06