Пошук

Юрген Мольтман Юрген Мольтман  (Maeterlinck)

L’Osservatore Romano: спадчына Мольтмана – каштоўны арыенцір

Пераадолець падзелы паміж хрысціянамі – такой была сутнасць творчасці знанага пратэстанцкага тэолага Юргена Мольтмана, якога ў гэтыя дні ўзгадвае хрысціянскі свет, піша ватыканская L’Osservatore Romano.

Ян Глінскі

Нямецкі тэолаг, які працаваў дзеля адзінства хрысціянаў, прапаноўваючы важныя тэалагічныя разважанні аб хрысціянскай надзеі, памёр 3 чэрвеня 2024 года на 98-ым годзе жыцця.

Ватыканскае выдынне прысвяціў адзін са сваіх матэрыялаў жыццёваму шляху і спадчыне Мольтмана. Нарадзіўся ён у Гамбурзе ў 1926 годзе. Падчас Другой сусветнай вайны быў мабілізаваны ў войска. У 1945 годзе здаўся ў палон першаму брытанскаму салдату, якога сустрэў на фронце, куды быў накіраваны ў апошнія тыдні вайны. У зняволенні, якое правёў у розных лагерах, Мольтман даведаўся пра жорсткасць нацысцкай дыктатуры. Пазней у лагеры каля брытанскага Нотынгема, дзякуючы прысутнасці міжнароднага экуменічнага аб’яднання маладых хрысціян, ён адкрыў для сябе багацце тэалогіі.

Вярнуўшыся ў Гамбург, які быў разбураны маральна і матэрыяльна, Мольтман вырашыў праз служэнне ў хрысціянскай супольнасці несці людзям надзею. Пасля ўдзелу ў экуменічнай сустрэчы ў Суонвіку, Англія (першая пасляваенная сустрэча, на якую таксама былі запрошаны маладыя немцы ў якасці канкрэтнага знака прымірэння), ён вырашыў паступіць у Гётынгенскі ўніверсітэт, дзе ў 1952 годзе атрымаў ступень доктара філасофіі. У 1958 годзе Мольтман распачаў кар’еру выкладчыка, якая прывяла яго ў Бонскі ўніверсітэт, а потым у Цюбінгенскі, дзе студэнты маглі слухаць яго захапляльныя лекцыі да 1994 года.

У гады Другога Ватыканскага Сабора Мольтман, каб аднавіць аўтэнтычную надзею хрысціянства для свету, напісаў твор Тэалогія надзеі (апублікаваны ў 1964). З гэтай працы вынікае, што вера і надзея павінны жыць разам не столькі дзеля суцяшэння, колькі дзеля таго, каб спрыяць штодзённым намаганням рабіць Касцёл і свет евангелізацыйным. Дзякуючы рэзанансу, які выклікала гэтая кніга, Мольтман стаў грамадскім дзеячам міжнароднага маштабу. У гэтай дзейнасці яго падтрымлівала жонка, таксама тэолаг, якая актыўна ўдзельнічала ў пераасэнсаванні ролі жанчыны ў Касцёле.

Спадчына Мольтмана ўказвае на важныя арыенціры для развіцця тэалогіі адзінства, якая здольная падтрымліваць экуменічны шлях праз крытычнае пераасэнсаванне плюралізму хрысціянскіх традыцый і паказваючы магчымасць выйсця за канфесійныя межы. Таксама прыватнае жыццё Мольтмана характарызавалася намаганнямі на шляху прымірэння і адзінства.
 

09 чэрвеня 2024, 11:10