Пошук

Чарга за ежай на Кубе. Ілюстрацыйнае фота Чарга за ежай на Кубе. Ілюстрацыйнае фота 

Сітуацыя на Кубе пагаршаецца – біскупы заклікаюць да малітвы

На Кубе працягваюцца пратэсты супраць дэфіцыту ежы і адключэння электрычнасці. У сувязі з такой сітуацыяй мясцовыя біскупы заахвочваюць жыхароў да асаблівай малітвы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Краіна па-ранейшаму знаходзіцца ў глыбокім эканамічным крызісе. Афіцыйны ўзровень інфляцыі складае каля 30 працэнтаў, але на практыцы яна значна вышэйшая.

Бландзін Дэстрэмаў, сацыёлаг, якая займаецца пытаннямі кубінскага грамадства, распавяла Vatican News пра трагічныя ўмовы на карыбскім востраве: “Сітуацыя пагоршылася, людзі галодныя. Гэта выклікана перш за ўсё дэфіцытам прадуктаў, якія раздаюць у дзяржаўных прадуктовых крамах”.

Эксперт адзначыла, што “сістэма камерцыйнага размеркавання на Кубе ў асноўным кіруецца дзяржавай, асабліва для людзей са сціплымі даходамі”. Існуюць талоны на харчаванне, якіх хапае прыкладна на дзесяць дзён. У выніку, як зазначае Дэстрэмаў, “кубінцам даводзіцца купляць прадукты на паралельным рынку, дзе ўсё значна даражэй”.

Акрамя таго, цэнтралізацыя сістэмы забеспячэння прыводзіць да дадатковых складанасцей. Усё гэта падрывае эканоміку. "Такая крайняя цэнтралізацыя не толькі неэфектыўная, але і дапускае мноства злоўжыванняў", - прызналася сацыёлаг.

Дэстрэмаў заўважыла, што ўсё адбіваецца на жыхарах і іх душэўным стане. “У першую чаргу я бачу людзей, якіх раздражняе ўсё, што не працуе, праблемы з размеркаваннем, бюракратычныя праблемы, перашкоды, якія ўзнікаюць пры найменшай адміністрацыйнай ці прадпрымальніцкай ініцыятыве. Некаторыя маладыя кубінцы палітызаваліся і хацелі б абнавіць або перабудаваць сацыялізм знізу, але яны бачаць, што гэты цэнтралізаваны сацыялізм больш не працуе. Вялікай праблемай з'яўляецца выгнанне з краіны сотняў тысяч кубінцаў. На дадзены момант я не бачу іншых перспектыў, акрамя міграцыі. Гэта кажу не я, гэта кажуць людзі на Кубе", - так сітуацыю пракаментавала эксперт у сацыялогіі.
 

08 красавіка 2024, 11:16