Пошук

POLAND-EU/ 

Біскупы ЕС: правы жанчын – не падстава для прапаганды абортаў

Хартыя асноўных правоў ЕС не можа ўтрымліваць правы, якія не прызнаюцца ўсімі і выклікаюць рознагалоссі, - заявіла Камісія біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці (COMECE).

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерархі апублікавалі сваю пазіцыю перад галасаваннем 11 красавіка 2024 года ў Бруселі па ўключэнні права на аборт у Хартыю.

Праз дзень пасля абнародавання дакумента Дыкастэрыі веравучэння Dignitas infinita, у якім аборт прылічаны да выпадкаў парушэння чалавечай годнасці як практыка, “якая сур’ёзна абражае годнасць жанчын і дзяцей”, біскупы з розных краін Еўропы ў чарговы раз нагадалі, што аборт “ніколі не можа стаць фундаментальным правам”, паколькі ён ідзе ў кірунку, “супрацьлеглым сапраўднаму прасоўванню жанчын і іх правоў”.

Дэбаты аб ўвядзенні аборту ў асноўныя правы ЕС аднавіліся на еўрапейскім узроўні пасля ўключэння такога права ў Канстытуцыю Францыі. Рэзалюцыя ўжо ўносілася 7 ліпеня 2022 года і выклікала апазіцыю з боку некаторых дзяржаў, і цяпер дэпутаты Еўрапарламента вырашылі зноў вынесці прапанову на галасаванне.

Кіраўніцтва COMECE звярнулася да Еўрадэпутатаў і еўрапейскіх грамадзян з заклікам: “Давайце працаваць на карысць Еўропы, дзе жанчыны могуць свабодна жыць у мацярынстве, якое з'яўляецца дарам для іх і для грамадства, і дзе мацярынства ні ў якім разе не з'яўляецца абмежаваннем іх асабістага, грамадскага і прафесійнага жыцця”.

Біскупы краін ЕС нагадалі, што не аборт, а права на жыццё з’яўляецца асновай усіх іншых правоў чалавека, у прыватнасці права на жыццё найбольш безабаронных, далікатных і ўразлівых людзей, такіх як ненароджанае дзіця ва ўлонні маці, мігранты, пажылыя людзі, інваліды і хворыя. Гэта звязана з верай Касцёла ў тое, што чалавек заўсёды святы і недатыкальны, у любой сітуацыі і на кожным этапе развіцця.

Дакумент заканчваецца цытатай з дэкларацыі Dignitas infinita аб чалавечай годнасці: “Чалавек з’яўляецца самамэтай і ніколі не сродкам вырашэння іншых цяжкасцей. Калі мы адмовімся ад гэтага пераканання, не застанецца трывалай і даўгавечнай асновы для абароны правоў чалавека”.

Таму іерархі заклікалі Еўрасаюз “паважаць розныя культуры і традыцыі дзяржаў-чальцоў і іх нацыянальныя кампетэнцыі” і не навязваць ідэалагічныя пазіцыі адносна чалавечай асобы, сексуальнасці і полу, сужэнства і сям’і іншым, у межах і за межамі ЕС.

“Хартыя асноўных правоў ЕС не можа ўтрымліваць правы, якія прызнаюцца не ўсімі і выклікаюць раскол. У еўрапейскім і міжнародным заканадаўстве няма прызнанага права на аборт, і тое, як гэта пытанне разглядаецца ў канстытуцыях і законах дзяржаў-чальцоў, моцна адрозніваецца”, - заўважылі аўтары звароту. Яны нагадалі, што сама Хартыя ў сваёй прэамбуле заклікае паважаць “разнастайнасць культур і традыцый народаў Еўропы”, а таксама “канстытуцыйныя традыцыі і міжнародныя абавязацельствы, агульныя для дзяржаў-чальцоў”.
 

10 красавіка 2024, 10:32