Пошук

Біскуп Бертрам Маер падчас сустрэчы з архіепіскапам Шаўчуком Біскуп Бертрам Маер падчас сустрэчы з архіепіскапам Шаўчуком 

Біскуп: патрэбна салідарнасць немцаў і еўрапейцаў з Украінай

Пасля некалькіх дзён падарожжа па Украіне Біскуп Аўгсбургскі Бертрам Маер звярнуўся з просьбай аб замежнай падтрымцы краіны, знясіленай расійскім нападам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Застаецца надзея на тое, што Украіна выжыве як свабодная краіна. Аднак яна азмрочана палітычнымі і ваеннымі нягодамі”, - сказаў іерарх, адказны ў нямецкім епіскапаце за адносіны з Паўсюдным Касцёлам, пасля свайго вяртання 10 красавіка 2024 года. Ён падкрэсліў, што “асабліва ў гэтай складанай сітуацыі неабходная салідарнасць немцаў і еўрапейцаў з прыгнечанымі ўкраінцамі”.

Біскуп Маер паведаміў, што ў шматлікіх размовах яму з упэўненасцю казалі, што ўкраінцы поўныя рашучасці абараняць свабоду сваёй краіны. “Менавіта жорсткасць расійскіх вайскоўцаў і невыбіральныя абстрэлы і бамбардзіроўкі мірных жыхароў умацоўваюць меркаванне палітычных лідараў і значнай часткі насельніцтва аб адсутнасці законнай альтэрнатывы абарончай вайне”, - заявіў іерарх.

Аднак у кантэксце цяжкай ваеннай сітуацыі аптымізм, які адчуваў біскуп Маер падчас свайго першага візіту ва Украіну ў чэрвені 2022 года, саступіў месца змрочнаму настрою.

Падчас пяцідзённага падарожжа Біскуп Аўгсбургскі наведаў Кіеў і Львоў. У праграме былі размовы з мясцовымі лацінскімі і грэка-каталіцкімі іерархамі, прадстаўнікамі Caritas, а таксама сустрэчы з апостальскім нунцыем у Кіеве, арцыбіскупам Вісвальдасам Кульбокасам і міністрам па справах рэлігій Віктарам Яленскім.

Найбольш важным і хвалюючым момантам паездкі біскуп Маер лічыць наведванне вайсковых могілак у Броварах пад Кіевам, дзе ён разам з роднымі і сваякамі маліўся на магілах загінулых салдат. “Гледзячы на жонак і бацькоў, якія плакалі, бо страцілі самае дарагое ў сваім жыцці, цьмянее любы абстрактны погляд на вайну. У той жа час я яшчэ раз зразумеў, наколькі Касцёл патрэбны ў такіх сітуацыях і які гэта выклік”, - прызнаўся іерарх.
 

11 красавіка 2024, 10:21