Пошук

Аўдыенцыя для дэлегацыі Канарскіх астравоў Аўдыенцыя для дэлегацыі Канарскіх астравоў  (Vatican Media)

Папа занепакоены мігранцкім крызісам на Канарскіх астравах

Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю з Канарскіх астравоў. Ключавой тэмай сустрэчы стала складаная сітуацыя архіпелага, на якім змагаюцца з вялікім наплывам мігрантаў.

Ян Глінскі

“Я не годны прасіць Яго Святасць, але, калі б Ён палічыў гэта правільным, то мог бы скіраваць словы падтрымкі да афрыканскага народа”, – гэтую просьбу гвінейца Мамаду Малал Дыяла, які дабраўся да Еўропы ў 2008 годзе, пераказалі Папу Францішку. Яго ліст уручылі Пантыфіку падчас аўдыенцыі 16 студзеня 2024 года ўдзельнікі дэлегацыі з Канарскіх астравоў на чале з Прэзідэнтам Фернанда Клавіха Батльею.

У лісце афрыканец распавёў сваю гісторыю, пачынаючы ад прыбыцця на астравы і зведанага там культурнага шоку. Яму давялося перажыць этап барацьбы з моўным бар’ерам і пошукі працы. Цяпер ён культурны медыятар і перакладчык.

Святому Айцу перадалі таксама другі ліст – ад групы мігрантаў з вострава Іера, некаторым з якіх яшчэ не споўнілася 18 гадоў. “Няпроста пакінуць дом, але тут мы ў бяспецы. Мы не можам вучыцца, няма працы, каб пракарміць сям’ю, вельмі цяжка жыць”, – пішуць афрыканцы, пры гэтым падкрэсліваючы, што яны не трацяць надзеі на шанец на лепшую будучыню.

Прадстаўнікі уладаў архіпелагу падкрэслілі, што крызіс ахапіў рэгіён. Толькі за 2023 год на архіпелаг прыбыла каля 40 тысяч чалавек. Атлантычны шлях – адзін з самых складаных. “Мы не можам справіцца з гэтай сітуацыяй самастойна”, – адзначыў Мануэль Дамінгес Гансалес, Віцэ-прэзідэнт Канарскіх астравоў. Як ён падкрэсліў, жыхары праяўляюць салідарнасць і робяць усё, што ў іх моцы, але маштаб перарастае іх магчымасці.

Біскуп Канарскіх астравоў Хасэ Мазуэлас Перэс, які таксама прысутнічаў на аўдыенцыі, у размове з Vatican News выказаў радасць ад таго, што Папа вельмі зацікаўлены сітуацыяй архіпелага.
 

19 студзеня 2024, 09:04