Пошук

У дубайскім Экспа-Сіці У дубайскім Экспа-Сіці   (ANSA)

Упершыню на канферэнцыі ААН міжрэлігійны павільён

Сёлета ўпершыню на Сусветнай канферэнцыі ААН па клімаце з’явіцца міжрэлігійны Павільён веры. Ён будзе афіцыйна адкрыты ў дубайскім Экспа-Сіці 3 снежня 2023 года.

Ян Глінскі

Планавалася, што яго адкрыццё здзейсніць Францішак разам з Вялікім імамам Аль-Азхар Ахмедам эль-Таебам. Аднак падарожжа Пантыфіка ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты было адменена па прычыне стану яго здароўя.

Паводле аўтараў ініцыятывы, праца павільёна, створанага дзякуючы Праграме ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП) і Мусульманскай радзе старэйшын у супрацоўніцтве з некалькімі рэлігійнымі арганізацыямі, накіравана на павышэнне ўзроўню ўдзелу рэлігійных арганізацый у кліматычнай канферэнцыі, а таксама на развіццё супрацоўніцтва паміж прадстаўнікамі рэлігій і ключавых асоб, якія прымаюць рашэнні.

“Вядучыя рэлігійныя дзеячы ва ўсім свеце цяпер зведваюць выклікі, звязаныя з кліматычнымі зменамі”, - сказаў Махамед Абдэль Салам, генеральны сакратар мусульманскай Рады старэйшын, у нядаўнім інтэрв’ю часопісу езуітаў America.

Між іншым, ён згадаў пра міжрэлігійны саміт, які прайшоў у Абу-Дабі ў пачатку лістапада, падчас якога каля 30 рэлігійных лідараў апублікавалі супольны зварот з думкай пра COP28. У звароце прагучаў заклік да паскарэння энергетычнай трансфармацыі, да аховы Зямлі і распаўсюджванне мадэляў жыцця ў гармоніі з прыродай.

Падчас Сусветнай канферэнцыі па змене клімату, якая праходзіць з 30 лістапада па 12 снежня 2023 года ў Дубаі, у Павільёне веры будзе прапанавана спецыяльная праграма. Як паведаміў генеральны сакратар Мусульманскай рады старэйшын Абдэль Салам, у яе падрыхтоўцы прымаюць удзел 70 няўрадавых рэлігійных арганізацый, якія працуюць у духу міжрэлігійнага дыялогу над вырашэннем праблемы змены клімату.

На кожны дзень запланавана да шасці мерапрыемстваў, мэта якіх – абмеркаванне значэння міжрэлігійнага і міжкультурнага дыялогу ў кантэксце змен клімату. Чакаецца, што ў іх прымуць удзел прадстаўнікі і эксперты ісламу, хрысціянства, сікхізму, іудаізму, індуізму, будызму, зараастрызму, бахаізму і карэнных рэлігій.

“Рэлігійныя супольнасці і арганізацыі адыгрываюць ключавую ролю ў барацьбе са змяненнем клімату ва ўсім свеце”, - патлумачыў старшыня COP28 Ахмед аль-Джабер напярэдадні канферэнцыі ў Дубаі. Ён перакананы, што канферэнцыя ААН “узмоцніць заклік сусветных рэлігійных лідараў да грамадства краін ва ўсім свеце аб актывізацыі і прыняцці мераў адносна пытання па змене клімату”.
 

01 снежня 2023, 09:56