Пошук

Арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас Арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас 

Нунцый у Кіеве пра стойкасць народа і патрэбу ў творчай дыпламатыі

Cэрца Пантыфіка – з украінскім народам, які пакутуе, адзначыў у інтэрв'ю італьянскай Avvenire апостальскі нунцый ва Украіне, арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас.

Марыя Валодзіна - Vatican News

На думку нунцыя, “сёння Папа – адзіны ў свеце маральны аўтарытэт, які можа прывесці да нечаканых мірных рашэнняў ва Украіне”. Пры кожным зручным выпадку Францішак заклікае не толькі да малітвы за Украіну, але і да творчай дыпламатыі. Яго словы ідуць ад сэрца, бо несумненна, што сэрца Пантыфіка – з украінскім народам, які пакутуе.

Арцыбіскуп Кульбокас распавёў, што многія людзі ва Украіне выказваюць яму словы падзякі, асабліва сем'і ваеннапалонных і дэпартаваных у Расію дзяцей, якія ведаюць, што “Папа і Святы Пасад – адны з нямногіх інстытутаў, якія могуць нешта зрабіць для іх блізкіх”.

Адказваючы на пытанне пра мірную місію кардынала Дзупі, дыпламат запэўніў, што яе сутнасць не ў тым, каб наведаць тую ці іншую сталіцу, а ў тым, каб наладзіць каналы сувязі, якія дазволяць шукаць новыя рашэнні. “Некаторыя вынікі ўжо бачныя”, але неабходныя далейшыя намаганні, - лічыць нунцый. Ён адзначыў, што прадстаўнік Канстанцінопальскага Патрыярхату таксама назваў гэтую місію адным з абнадзейлівых прыкладаў таго, што могуць зрабіць Цэрквы падчас вайны.

Арцыбіскуп Кульбокас так пракаментаваў стаўленне да вайны, якое, на яго думку, склалася ў заходніх грамадствах: "Час ад часу я гляджу тэлевізійныя дэбаты аб гэтай вайне, якія праводзяць на Захадзе. Гэта перадачы, дзе ўсе ўсё разумеюць і з вялікай лёгкасцю тлумачаць тое, што адбываецца. І я разумею, што мы жывем у паралельных светах: адзін тэарэтычны, іншы рэальны".

Божае Нараджэнне нунцый будзе святкаваць у Харкаве з лацінскай і грэка-каталіцкай супольнасцямі. У гэтым годзе яны будуць адзначаць яго ў адзін дзень – 25 снежня. Па словах нунцыя, гэты выбар з'яўляецца сімвалічным знакам, які нагадвае пра жаданне ісці разам і быць адзіным Касцёлам.

“Езус – князь міру і справядлівасці. Таму мы не можам чакаць, што згода прыйдзе толькі дзякуючы палітычным дзеянням. Але гэта не азначае, што мы павінны перастаць імкнуцца да міру”, - лічыць арцыбіскуп Кульбокас.

На пытанне аб тым, ці стаміўся народ пасля амаль 700 дзён вайны, дыпламат адказаў так: “Тэрмін стомленасць дрэнна перадае тое, што мы адчуваем. Тое, што перажываюць сем'і, якія страцілі дзіця, аднаго з бацькоў, мужа (…), або тыя, чый сваяк знік без вестак, дэпартаваны або заключаны невядома куды, – гэта трагедыя. Вядома, стомленасць ідзе рука аб руку з усведамленнем таго, што гэта адзіны спосаб выжыць. Я б назваў гэта стойкасцю нашых людзей”.

20 снежня 2023, 10:49