Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Манахіні ў ЗША падалі ў суд на вытворцу зброі

У ЗША група каталіцкіх манахінь з розных кангрэгацый падала ў суд на амерыканскага вытворцу зброі Smith & Wesson. Як паведамляюць мясцовыя СМІ, яны хочуць прымусіць кампанію спыніць маркетынг і продаж вінтовак AR-15.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Гэты від зброі не мае іншага прызначэння, акрамя масавых забойстваў”, - гаворыцца ў пазове, які быў пададзены ў суд Невады. Да заявы прыкладаецца фатаграфія вінтоўкі, якая была выкарыстана падчас стральбы ў кінатэатры ў горадзе Аўрора ў 2012 годзе. Тады загінулі дванаццаць чалавек.

Паўаўтаматычныя вінтоўкі тыпу AR-15, якія выпускаюцца ў многіх варыянтах некалькімі вытворцамі, вельмі папулярныя сярод прыватных уладальнікаў зброі ў ЗША. Яны перазараджаюцца аўтаматычна пры кожным стрэле – пакуль не апусцее магазін.

Амерыканская лабісцкая арганізацыя агнястрэльнай зброі NRA (Нацыянальная стралковая асацыяцыя) заявіла ў 2017 годзе, што ў амерыканскіх сем'ях знаходзіцца каля 15 мільёнаў AR-15. Але цяпер гэтая лічба, хутчэй за ўсё, значна вышэйшая: продажы зброі выраслі падчас пандэміі каронавіруса.

Гаворка ідзе пра так званы вытворны пазоў супраць кіраўніцтва Smith & Wesson. Згодна з асноўным абвінавачаннем, кіраўніцтва прыняло на сябе значную рызыку адказнасці кампаніі за продаж вінтовак. Быў парушаны і шэраг іншых нарматыўных актаў.
 

07 снежня 2023, 10:29