Пошук

Горад Масіс ля падножжа гары Арарат у Арменіі Горад Масіс ля падножжа гары Арарат у Арменіі 

Божае Нараджэнне ў Арменіі: паміж страхам і надзеяй

У Арменіі, на долю якой выпаў яшчэ адзін цяжкі год, святкуюць урачыстасць Божага Нараджэння. Манахіні з Кангрэгацыі Беззаганнага Зачацця ў Гюмры, непадалёк ад мяжы з Турцыяй, выхоўваюць і суцяшаюць дзяцей-бежанцаў.

Марыя Валодзіна – Vatican News

25 снежня 2023 года перад благаслаўленнем Urbi et Orbi Францішак заклікаў да канчатковага міру паміж Арменіяй і Азербайджанам. “Няхай гэта адбудзецца шляхам рэалізацыі гуманітарных ініцыятыў, вяртання бежанцаў у свае дамы ва ўмовах законнасці і бяспекі, а таксама ўзаемнай павагі да рэлігійных традыцый і месцаў культу кожнай супольнасці”, - пажадаў Папа.

Услед за Францішкам аб міры моляцца і вернікі Арменіі, краіны старажытнай хрысціянскай традыцыі. У Гюмры, другім па памеры горадзе Арменіі, тры манахіні з Кангрэгацыі Беззаганнага Зачацця выхоўваюць у дзіцячым прытулку каля трыццаці дзяцей. Многія маленькія выхаванцы родам з Нагорнага Карабаха.

"Мы ствараем батлейкі, ладзім бяседы, вечарынкі. Гэта свята", - патлумачыла сястра Нарынэ. На свята ў прытулку чакаюць больш за 300 гасцей: былых выхаванцаў і членаў іх сем'яў.

Многія дзеці ў прытулку святкуюць Божае Нараджэнне двойчы: 25 снежня, разам з Каталіцкім Касцёлам, і 6 студзеня, калі ўрачыстасць адзначаецца ў Армянскай Апостальскай Царкве. "Гэта не выклікае ніякіх праблем у сем'ях", - усміхаецца сястра Нарынэ, дадаючы, што паміж рознымі абрадамі існуе выдатнае паразуменне.

"Мы баімся новай вайны ў Арменіі, мы не прывыклі жыць у міры", - са шкадаваннем адзначыла манахіня. У прытулку дзецям аказваюць падтрымку псіхолагі, таму што вайна дакацілася і да Гюмры. "Мы бачым салдат у горадзе і сем'і бежанцаў з Нагорнага Карабаха. Мы хацелі б, каб дзеці забыліся пра гэтую вайну, але гэта нялёгка", - сказала законніца.

У сястры Нарынэ і яе выхаванцаў ёсць толькі адно жаданне на 2024 год: "Перш за ўсё, мы жадаем міру. Усе жадаюць міру. Мы молімся аб ім", - сказала манахіня.

29 снежня 2023, 14:00