Пошук

Барталамей І, Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей І, Патрыярх Канстанцінопальскі  (2021 Getty Images)

Барталамей І: у Святой Зямлі ніколі не будзе міру праз сілу

Мір у Святой Зямлі ніколі не будзе дасягнуты сілай, адзіны спосаб – гэта сумленны дыялог, - падкрэсліў Патрыярх Канстанцінопальскі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Хопіць гэтага, хопіць крыві! Вайна – не рашэнне!” - сказаў Барталамей І 22 кастрычніка 2023 года падчас Вячэрні ў Стамбуле ў патранальнае свята Іерусалімскага Патрыярхату. Яго цытуе венскі экуменічны фонд Pro Oriente.

Іерарх прызнаўся, што быў глыбока ўзрушаны пакутамі і смерцю такой колькасці ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва, у тым ліку дзяцей. З самага пачатку ён асудзіў любыя дзеянні, якія пагражаюць хісткаму міру ў рэгіёне, і заклікаў бакі канфлікту выбраць шлях дыялогу, а не “тупік вайны”.

Барталамей таксама згадаў бамбёжкі ў раёне грэчаскай праваслаўнай царквы святога Парфіра ў горадзе Газа. Адразу пасля атрымання навіны ён звязаўся з Патрыярхам Іерусалімскім Феафілам і запэўніў яго ў сваёй салідарнасці.

“Святыя месцы, усе святыя месцы без выключэння, трэба шанаваць, асабліва калі там знаходзяць прытулак мірныя жыхары. І мірныя жыхары не могуць быць нічыёй мішэнню”, - сказаў Патрыярх.

Ён цалкам адхіліў меркаванне некаторых, якія выступаюць за разумную вайну. Ахвяры сярод мірнага насельніцтва паказалі, што гэта немагчыма. Адзіным разумным рашэннем будзе ўступленне ў дыялог, сказаў Патрыярх Канстанцінопальскі.
 

25 кастрычніка 2023, 10:43