Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Папа едзе ў Марсэль: візіт мае шырокія мэты

22 верасня 2023 года Папа Францішак накіруецца ў французскі Марсэль з двухдзённым візітам. Падкрэсліваецца, што падарожжа мае выключна пастырскі характар.

Ян Глінскі

Мэта візіту – удзел у завяршэнні Трэцім саміце краін Міжземнамор’я (Rencontres Mediterraneennes). У межах мерапрыемства Святы Айцец узначаліць цэлебрацыю святой Імшы на стадыёне футбольнага клуба Алімпік Марсэль з удзелам каля 60 тысяч вернікаў.

Аднак, зразумела, што Папа не можа заставацца толькі госцем на сустрэчы моладзі і рэлігійных лідараў з краін Міжземнаморскага басейна. Партовы горад Марсэль атаясамліваецца з адкрытасцю, але адначасова са злачыннасцю і грамадскімі канфліктамі. Менавіта тут Пантыфік засяродзіцца на праблемах і магчымасцях рэгіёна адносна пытанняў міграцыі.

Паводле праграмы, праз некалькі гадзін пасля прыбыцця Папа сустрэнецца з духавенствам і кансэкраванымі асобамі, каб падбадзёрыць мясцовы Каталіцкі Касцёл, які моцна пацярпеў ад скандалаў з прычыны сексуальных злоўжыванняў.

Завершыцца першы дзень папскага візіту ўдзелам у цырымоніі ўшанавання памяці каля помніка Ахвярам і героям мора, які ўжо стагоддзе стаіць пры ўваходзе ў порт. Францішак, які сам паходзіць з вялікага партовага горада Буэнас-Айрэс, добра ведае рэаліі жыцця людзей мора. Але чакаецца, што ў Марсэлі ён успомніць не толькі маракоў, якія загінулі пры выкананні службовых абавязкаў, але і многія тысячы мігрантаў, якія страцілі жыццё ў моры.

Нявыключана, што падчас сустрэчы з Прэзідэнтам Францыі Пантыфік закране палітычна вострае пытанне мігрантаў на італьянскім беразе, колькасць якіх драматычна расце. Нагадаем, Старшыня Савета Міністраў Італіі заклікала Францыю і іншыя краіны адкрыць свае порты для людзей з Паўночнай Афрыкі, якія апынуліся ў Італіі.

Варта адзначыць, што кардынал Жан-Марк Авелін, арцыбіскуп Марсэля, выказаўся на прэс-канферэнцыі адносна “гістарычнай памяці аб мірным і плённым суіснаванні ў Міжземнамор'і”, якую “многія людзі хочуць сцерці і замест гэтага навязаць уласную ідэалогію і страх перад іншымі”. “Але мы выступаем за тое, што, нягледзячы на ўсе рэальныя пагрозы, ёсць і добрае”, – дадаў іерарх.

Акрамя прыватнай сустрэчы з Папам, Эмануэль Макрон таксама плануе прыняць удзел у святой Імшы, падчас якой разам з прысутнымі пачуе зварот Святога Айца.
 

22 верасня 2023, 09:33