Пошук

Новы расійскі пасол: Папа хоча сустрэцца з Патрыярхам Кірылам

Францішак выказаў надзею на тое, што яго сустрэча з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам у Гаване будзе не апошняй, - паведаміў новы пасол РФ пры Святым Пасадзе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У інтэрв'ю агенцтву РИА Новости, Іван Салтаноўскі прызнаўся, што перадаў Пантыфіку прывітанне ад кіраўніка Рускай Праваслаўнай Царквы. Святы Айцец прыняў дыпламата 18 верасня 2023 года на аўдыенцыі з нагоды ўручэння даверчых грамат.

Францішак таксама выказаў зацікаўленасць у прадаўжэнні міратворчай місіі, якую па яго даручэнні ажыццяўляе кіраўнік італьянскай біскупскай канферэнцыі, кардынал Матэа Дзупі, - паведаміў Салтаноўскі.

Ён адзначыў, што яго першая сустрэча з Пантыфікам прайшла ў вельмі добразычлівай атмасферы. Францішак, па словах дыпламата, праявіў вялікую павагу да рускай культуры, прадэманстраваўшы глыбокае веданне гісторыі і культуры Расіі. Ён, у прыватнасці, згадаў багатую спадчыну Фёдара Дастаеўскага.

Прадстаўнік Расіі, паводле яго слоў, таксама абмеркаваў з Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці, кардыналам П'етра Паралінам актуальныя праблемы міжнароднага парадку дня, уключаючы сітуацыю ва Украіне.

Іван Салтаноўскі нарадзіўся ў 1955 годзе, жанаты, мае дачку. Скончыў Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт міжнародных адносін МЗС СССР. У 1977 годзе паступіў на дыпламатычную службу і займаў пасады ў генеральных консульствах у Карачы (Пакістан) і ў Калькуце (Індыя), у Пасольстве ў Індыі, у Пастаянным прадстаўніцтве Расіі пры АБСЕ. Ён быў таксама намеснікам пастаяннага прадстаўніка пры НАТА ў Бруселі і пастаянным прадстаўніком РФ пры Савеце Еўропы (у 2015-2022 гадах). Мае ступень доктара гістарычных навук.

Дыпламатычныя адносіны паміж Святым Пасадам і Расіяй (і СССР) маюць традыцыю, якая налічвае больш за пяць стагоддзяў, хаця большую частку гэтага перыяду яны абмяжоўваліся эпізадычнымі абменамі дэлегатамі і пасланнікамі паміж абодвума бакамі. У 1847 годзе быў заключаны канкардат, які Расія разарвала ў 1866 годзе, але, нягледзячы на гэта, краіна мела сваіх прадстаўнікоў (рознага рангу) у Рыме амаль усё XIX стагоддзе. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года паміж Масквой і Ватыканам спачатку існавалі спарадычныя кантакты, галоўным чынам у форме гуманітарнай дапамогі галадаючаму насельніцтву Савецкай Расіі, але да канца 1923 года і яны цалкам спыніліся.

Новая старонка ва ўзаемаадносінах пачалася ў канцы 1980-х гадоў. 1 снежня 1990 года тагачасны старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета (пазней прэзідэнт) СССР Міхаіл Гарбачоў наведаў Ватыкан, дзе яго прыняў Ян Павел ІІ, пасля чаго 15 сакавіка 1991 года Святы Пасад і Расійская Федэрацыя ўстанавілі дыпламатычныя адносіны, хаця яны не мелі такога статусу, як у выпадку іншых краін. Іх поўная нармалізацыя адбылася толькі 3 снежня 2009 года пасля візіту тагачаснага прэзідэнта Расіі Дзмітрыя Мядзведзева да Бэнэдыкта XVI.

Першым папскім прадстаўніком (тады з тытулам апостальскага пранунцыя) быў арцыбіскуп (пазней кардынал) Франчэска Каласуона ў 1990-94 гадах, а пасля яго пасаду займалі наступныя арцыбіскупы: Ян Букоўскі (1994-2000), Георг Цур (2000-02), Антоніа Меніні (2002-10), Іван Юркавіч (2011-16), Чэлесціна Мільёрэ (2016-20), а з 1 чэрвеня 2020 года – арцыбіскуп Джавані д'Аньела.

У той час Расію ў Ватыкане прадстаўлялі: Юрый Карлаў (1990-95), Вячаслаў Косцікаў (1995-96), Генадзь Уранаў (1996-2000), Віталь Літвін (2001-05), Мікалай Садчыкаў (2005-09) – першы паўнамоцны пасол, а з 2 мая 2013 года – Аляксандр Аўдзееў, які завяршыў сваю місію 11 мая 2023 года. Ён падрыхтаваў, між іншым, тры візіты Уладзіміра Пуціна ў Ватыкан: 25 лістапада 2013 года, 10 чэрвеня 2015 года, 4 ліпеня 2019 года.

19 верасня 2023, 10:48