Пошук

Прэзідэнт Макрон з Папам Францішкам Прэзідэнт Макрон з Папам Францішкам 

Макрон абараняе сваё рашэнне прыняць удзел у Імшы з Папам

Прэзідэнту Францыі давялося абараняць сваё рашэнне прыняць удзел у святой Імшы, якую папа Францішак будзе цэлебраваць 23 верасня 2023 года ў Марсэлі.

Ян Глінскі

Рашэнне Эмануэля Макрона выклікала хвалю крытыкі з боку левых палітыкаў, у прыватнасці актывістаў партыі La France insoumise (Непакораная Францыя), якія спаслаліся на свецкі характар французскай дзяржавы і яе нейтралітэт у адносінах да рэлігіі. У сваю чаргу Нацыянальны сакратар Камуністычнай партыі Фаб'ен Русэль падкрэсліў, што ў свецкай рэспубліцы прэзідэнт не павінен прысутнічаць на Імшы.

“Я лічу, што там маё месца. Я паеду не як католік, я паеду як прэзідэнт рэспублікі, якая з’яўляецца свецкай”, - адказаў Макрон, а таксама патлумачыў, што Папа з’яўляецца кіраўніком дзяржавы, таму прысутнасць прэзідэнта на Імшы, якую ён цэлебруе, не парушыць нейтралітэт дзяржавы.

У той жа час у каталіцкім часопісе La Croix нагадваюцца сітуацыі, у якіх прэзідэнты Францыі прымалі ўдзел у каталіцкай літургіі. Гэтага не рабілі ні кіраўнікі дзяржаў, ні кіраўнікі ўрадаў пасля 1905 года, калі быў уведзены закон аб аддзяленні Касцёла ад дзяржавы. Нават пасля перамогі над Германіяй у 1918 годзе прэм’ер-міністр Жорж Клемансо адмовіўся ехаць у сабор Нотр-Дам у Парыжы для ўдзелу ў цэлебрацыі Te Deum. Гэтая рэспубліканская норма дзейнічала і ў міжваенны час. Толькі ў маі 1940 года прэм’ер-міністр Поль Рэйно і некалькі міністраў прынялі ўдзел у Імшы аб перапрашэнні перад абліччам паражэння французскай арміі.

Былі і іншыя выпадкі адступлення ад згаданай нормы. Так, 26 жніўня 1944 года генерал Шарль дэ Голь пасля вызвалення Парыжа прыняў удзел у набажэнстве ў саборы Нотр-Дам. Будучы практыкуючым католікам, ён рэгулярна наведваў Імшы як прыватная асоба. Але былі выпадкі, калі ён браў у іх удзел як прэзідэнт, напрыклад, у 1962 годзе ў Імшы прымірэння з немцамі ў саборы ў Рэймсе ў прысутнасці канцлера Конрада Адэнаўэра, які, у сваю чаргу, меў антыкамуністычную пазіцыю.

Тым не менш, Шарль дэ Голь заўсёды адмаўляўся ад публічнага прыняцця святой Камуніі. Ён лічыў, што як кіраўнік дзяржавы не можа дазволіць сабе публічных актаў пабожнасці. Аднак былі ў яго і выключэнні ў гэтым правіле: у 1966 годзе ён прыняў Камунію падчас Імшы ў тагачасным Ленінградзе ў знак падтрымкі свабоды веравызнання ў варожым да рэлігіі Савецкім Саюзе, а праз год з той жа мэтай – у Гданьску ў камуністычнай Польшчы.

Наступны прэзідэнт Жорж Пампіду наведваў нядзельныя святыя Імшы прыватна. На пахаванне ён папрасіў аб цэлебрацыі Імшы на лацінскай мове з грыгарыянскімі спевамі.

Валеры Жыскар д’Эстэн, у сваю чаргу, рэгулярна суправаджаў сваю жонку на набажэнствах. Ён таксама прыняў удзел у Імшы ў саборы Нотр-Дам у Парыжы, якую ў 1980 годзе цэлебраваў там Ян Павел ІІ.

Франсуа Мітэран пад канец жыцця наблізіўся да каталіцтва. У 1995 годзе па яго просьбе ў яго кватэру былі прывезены рэліквіі святой Тэрэзы з Лізьё, якія пілігрымавалі па парафіях. Ён загадзя даў згоду на цэлебрацыю Імшы падчас яго пахавання. Тагачасны прэзідэнт Жак Шырак прыняў удзел у тым жалобным набажэнстве і публічна прыняў святую Камунію, што выклікала абурэнне левых.

Яго пераемнік Нікаля Сарказі дэманстратыўна перахрысціўся падчас рэлігійных абрадаў. Але на гэтым яго рэлігійныя практыкі скончыліся. Наступны кіраўнік дзяржавы Франсуа Аланд, хоць і быў агностыкам, у ліпені 2016 года у парыжскім саборы Нотр-Дам прыняў удзел ў святой Імшы за спачылага ксяндза Жака Амеля, забітага ісламістамі. “Забіць святара – гэта значыць забіць рэспубліку”, - заявіў ён тады.

Эмануэль Макрон быў ахрышчаны ў 16 гадоў, з’яўляецца непрактыкуючым католікам. З пачатку свайго прэзідэнцтва ён прысутнічаў на некалькіх Імшах. У 2017 годзе – у гадавіну смерці ксяндза Амеля і на пахаванні спевака Джоні Халідэя. У 2019 годзе Макрон прыняў удзел у Імшы ў інтэнцыі прэзідэнта Жоржа Пампіду.
 

22 верасня 2023, 09:26