Пошук

Кардынал Майкл Чэрны Кардынал Майкл Чэрны 

Кардынал Чэрны: інтэгральная экалогія і крохкі баланс на планеце

Павінен быць хуткі пераход ад эканамічнай мадэлі, заснаванай на выкапнёвым паліве, да эканомікі чыстай энергіі, - лічыць кардынал Майкл Чэрны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека прыняў удзел у лісабонскай 4-й Міжнароднай канферэнцыі Клопат пра стварэнне, якая прайшла 31 ліпеня 2023 года ў Каталіцкім універсітэце Партугаліі. Уцягванне моладзі ў інтэгральную экалогію. Стылі жыцця для новага чалавецтва – так гучала яе тэма. У канцы маладыя людзі падпісалі маніфест.

Ватыканскі кардынал перакананы ў тым, што чалавецтва павінна звяртаць усё больш і больш увагі на ўзаемасувязь розных элементаў, якія складаюць свет: ад гэтага залежыць "крохкі баланс, што дазваляе нам і ўсім жывым істотам выжыць". Мадэль, здольную ўраўнаважыць гэтыя ўзаемасувязі прапануе энцыкліка Францішка Laudato si', у якой "сцвярджаецца незаменная роля чалавека ў клопаце аб агульным доме".

Іерарх агучыў канкрэтныя дзеянні для сапраўднага прасоўвання інтэгральнай экалогіі. Асноўная задача – дасягнуць праз устойлівы пераход мэты нулявых выкідаў да сярэдзіны гэтага стагоддзя. Павінен быць хуткі пераход ад “эканамічнай мадэлі, заснаванай на выкапнёвым паліве, да эканомікі чыстай энергіі”. Неабходна “спыніць высечку лясоў, асабліва ў гідраграфічных басейнах сусветнага значэння, такіх як Амазонка”. Трэба “абараніць узбярэжжы акіянаў ад эрозіі”, “абараніць біяразнастайнасць”, “спыніць дэградацыю экасістэм”. Эканоміка і фінансы не павінны кіравацца “шалёнай пагоняй за прыбыткам”. І перш за ўсё, лічыць Чэрны, трэба пашыраць “новы спосаб мыслення аб прыродзе і грамадстве”.

Арыенцірам для прасоўвання інтэгральнай экалогіі, нагадаў кардынал Чэрны, з’яўляецца святы Францішак Асізскі. Менавіта ён паказвае нам, “наколькі непарыўная сувязь існуе паміж клопатам аб прыродзе, справядлівасцю ў адносінах да бедных, прыхільнасцю да грамадства і ўнутраным супакоем”.
 

01 жніўня 2023, 10:12