Пошук

Фернанда Вільявісенсіа Фернанда Вільявісенсіа  (ANSA)

Біскупы Эквадора асудзілі забойства кандыдата ў прэзідэнты

Епіскапат Эквадора асудзіў забойства кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах Фернанда Вільявісенсіа. Палітык быў застрэлены 9 жніўня 2023 года падчас перадвыбарчага мітынгу ў Кіта.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Мы, біскупы Каталіцкага Касцёла, перад абліччам жорсткага забойства кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Фернанда Вільявісенсіа, выказваем нашу глыбокую салідарнасць з яго сям’ёй і асуджаем усе формы гвалту, развязаныя на розных узроўнях грамадства”, - паведаміў прэзідыум Канферэнцыі біскупаў Эквадора.

Біскупы выказалі падтрымку ініцыятывам, накіраваным на аднаўленне сацыяльнай бяспекі на іх радзіме, адначасова падкрэсліўшы волю да міру, заснаванага на свабодзе, справядлівасці і праўдзе. Яны запэўнілі ў малітве за краіну.

59-гадовы Фернанда Вільявісэнсія Валенсія быў прафсаюзным актывістам і журналістам-расследавальнікам. З 2021 па 2023 год з’яўляўся дэпутатам Нацыянальнага сходу. У якасці журналіста расследаваў выпадкі карупцыі і гвалту пры прэзідэнце Рафаэле Карэа, які кіраваў Эквадорам з 2006 па 2017 год. За гэту дзейнасць ён правёў некалькі месяцаў у турме. Нягледзячы на пагрозы заявіў аб выстаўленні сваёй кандыдатуры на прэзідэнцкіх выбарах, першы тур якіх адбудзецца напрыканцы жніўня.
 

10 жніўня 2023, 12:55