Пошук

Археалагічныя раскопкі ў Ізраілі. Ілюстрацыйнае фота Археалагічныя раскопкі ў Ізраілі. Ілюстрацыйнае фота 

У Ізраілі знайшлі антычную мазаіку з загадкавымі надпісамі

У паўночнай частцы Ізраіля ля галоўнага ўваходу ў сінагогу старажытнага горада Хукок археолагі знайшлі мазаіку з надпісамі на іўрыце і арамейскай мове.

Ян Глінскі

Як паведамілі навукоўцы Універсітэта Паўночнай Караліны ў Чапел-Хіл, выяўленая мазаіка ўяўляе сабой вялікую панэль, у цэнтры якой – таямнічы надпіс на іўрыце акружаны вянком. Абапал вянка намаляваныя львы, якія ўпіраюцца пярэднімі лапамі ў галовы быкоў. Па баках і ўнізе вянка напісаны імёны на арамейскай мове. Даследчыкі мяркуюць, што гэта альбо імёны ахвярадаўцаў, якія фінансавалі мазаіку, альбо мастакоў. Мазаіка акружана рамкай з выявай драпежнікаў на паляванні.

Акрамя гэтага археолагі знайшлі іншыя фрагменты мазаікі, выяўленай падчас папярэдніх раскопак – у 2012 і 2013 гадах. На іх прадстаўлены сцэны з біблейскім Самсонам са старазапаветнай Кнігі Суддзяў.

Месца, якое з 2011 года даследуюць амерыканскія і ізраільскія археолагі, атаясамліваюць з біблейскім горадам Хукок. Між іншым, там была знойдзена сінагога V стагоддзя з багата аздобленай мазаікай. Паводле прадстаўнікоў універсітэта, знаходкі ўключаюць у сябе самыя раннія з вядомых выявы біблейскіх гераінь Дэборы і Яілі, а таксама першае вядомае адлюстраванне небіблейскай гісторыі ў сінагозе. Верагодна, гэта сцэна сустрэчы Аляксандра Македонскага з габрэйскім першасвятаром. Сярод іншых значных знаходак – выявы Ноевага каўчэга, Чырвонага мора, воды якога падзяліліся, Ёны ўнутры рыбы, Вавілонскай вежы, а таксама цыкл Геліяс-Задыяк.

14 ліпеня 2023, 09:47