Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

У свеце ўсё больш гатовай да ўжывання ядзернай зброі

Інстытут мірных даследаванняў Sipri папярэдзіў пра рост колькасці гатовай да ўжывання ядзернай зброі. Паводле ацэнак стакгольмскай структуры, ва ўсім свеце налічваецца каля 12 500 ядзерных боегаловак.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дзевяць ядзерных дзяржаў працягнулі распрацоўку ядзернай зброі і мадэрнізацыю сваіх арсеналаў: ЗША, Расія, Кітай, Вялікабрытанія, Францыя, Індыя, Пакістан, Паўночная Карэя і Ізраіль.

На сённяшні дзень больш за 9 500 боегаловак знаходзяцца ў баявым стане, што амаль на 100 больш, чым у 2022 годзе. ЗША і Расія, якія па-ранейшаму валодаюць каля 90 працэнтаў усёй ядзернай зброі, трымаюць у стане павышанай гатоўнасці каля 2 000 боегаловак.

Даследаванні навукоўцаў паказваюць, што ў Кітаі адбылося значнае павелічэнне колькасці ядзернай зброі, з 350 да 410 адзінак. Да 2030 года ў краіны будзе як мінімум столькі ж міжкантынентальных ракет, колькі ў Расіі і ЗША.

"Мы перажываем адзін з самых небяспечных этапаў у гісторыі чалавецтва", - сказаў дырэктар Sipri Дэн Сміт, дадаўшы: "У часы высокай геапалітычнай напружанасці і недаверу, з закрытымі або дрэнна функцыянуючымі каналамі сувязі паміж сапернікамі, якія валодаюць ядзернай зброяй, рызыка праліку, непаразумення або выпадковасці недапушчальна высокая”.

Па гэтых прычынах, на думку Сміта, неабходна тэрмінова “аднавіць ядзерную дыпламатыю і ўзмацніць міжнародны кантроль за ядзернай зброяй”. Урады краін павінны хутка “знайсці спосабы сумеснай працы, каб зняць геапалітычную напружанасць, запаволіць гонку ўзбраенняў і ліквідаваць пагаршэнне наступстваў дэградацыі навакольнага асяроддзя і росту голаду ў свеце”, - падкрэсліў навуковец.

Францішак неаднаразова заклікаў да глабальнага раззбраення, асабліва ядзернага. “На жаль, ядзерная пагроза працягвае існаваць, выклікаючы страх ва ўсім свеце. Я магу толькі паўтарыць, што валоданне ядзернай зброяй – гэта амаральна. Калі нам пагражае ядзерная зброя, мы ўсе прайграем”, - папярэдзіў Папа ў прамове падчас навагодняй сустрэчы з дыпламатычным корпусам.
 

13 чэрвеня 2023, 12:12