Пошук

На плошчы святога Пятра На плошчы святога Пятра  (ANSA)

Пантыфік з жалем пра падзеі гэтага тыдня ў свеце

18 чэрвеня 2023 года, завяршаючы традыцыйную нядзельную сустрэчу з вернікамі, Святы Айцец выказаў свой смутак і занепакоенасць у сувязі з падзеямі, якія мелі месца на гэтым тыдні ў свеце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак нагадаў аб тым, што ў наступны аўторак, 20 чэрвеня 2023 года, пад эгідай Арганізацыі Аб'яднаных Нацый будзе адзначацца Сусветны дзень бежанцаў. Ён прызнаўся, што “з вялікім смуткам і вялікім болем думае пра ахвяр сур'ёзнага караблекрушэння, якое адбылося некалькі дзён таму ля берагоў Грэцыі”. “Я ўсцяж малюся за тых, хто страціў жыццё, і прашу ў любой сітуацыі рабіць усё магчымае, каб прадухіліць такія трагедыі”, - звярнуўся Пантыфік.

На судне, якое накіроўвалася ў Італію з Лівіі і затанула 13 чэрвеня 2023 года ля берагоў Грэцыі, знаходзіліся пераважна мігранты з Афганістана і Пакістана. Ужо вядома пра па меншай меры некалькі дзясяткаў загінулых і тых, хто лічыцца зніклымі без вестак.

Папа маліўся і за ахвяр жорсткага нападу на школу ў заходняй Угандзе, у выніку якога загінуў 41 чалавек, 38 з іх – вучні. Па словах мясцовых улад, яны былі застрэлены, засечаны мачэтэ або згарэлі пасля таго, як нападнікі падпалілі інтэрнат. “Гэтая барацьба, гэтая вайна паўсюль”, - з жалем адзначыў Францішак. Ён заклікаў маліцца за мір, у тым ліку і ва Украіне, якую раздзірае вайна.
 

18 чэрвеня 2023, 13:09