Пошук

 Aрхіепіскап Фіятэры і Вялікабрытаніі Нікітас (Луліас) Aрхіепіскап Фіятэры і Вялікабрытаніі Нікітас (Луліас)  

Новае кіраўніцтва Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў

Грэчаска-праваслаўны архіепіскап Фіятэры і Вялікабрытаніі Нікітас (Луліас) абраны новым старшынёй Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

67-гадовы іерарх, які таксама з'яўляецца сустаршынёй Еўрапейскага каталіцка-праваслаўнага форуму, змяніў на гэтай пасадзе французскага рэфармацкага пастара Крысціяна Крыгера.

Выбары прайшлі на шасцідзённай Генеральнай асамблеі ў эстонскім Таліне. Яна завяршылася 20 чэрвеня 2023 года. Віцэ-старшынямі абралі англіканскую епіскап Хантынгдана ў Англіі Дагмар Вінтэр і святара Франка Капанію з Евангелічнай Царквы Германіі. Тэрмін паўнамоцтваў новага кіраўніцтва – пяць гадоў.

У сваёй прамове пасля абрання новы старшыня Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў настойліва заклікаў да яшчэ большага экуменічнага супрацоўніцтва. “Самае галоўнае, што я хачу рабіць – будаваць масты і стасункі”, - сказаў ён.

Архіепіскап паходзіць з амерыканскага штата Фларыда, нарадзіўся ў мястэчку Тарпон-Спрынгс каля Тампы, дзе пражываюць у асноўным грэкі. Як святар выкладаў праваслаўную тэалогію ў каталіцкім універсітэце Лаёлы ў Чыкага. Канстанцінопальскі Сінод у 1996 годзе выбраў яго Мітрапалітам Ганконга і Паўднёва-Усходняй Азіі. У 2007 годзе Нікітас быў прызначаны Мітрапалітам Дарданельскім, ў 2019 – Мітрапалітам Тыятэры і Вялікабрытаніі. З'яўляецца, між іншым, каардынатарам аператыўнай групы Канстанцінопальскага Патрыярхату па барацьбе з гандлем людзьмі і сучасным рабствам.

Да Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў (KEK), чыя рэзідэнцыя знаходзіцца ў Бруселі, належаць 114 еўрапейскіх праваслаўных, англіканскіх, старакаталіцкіх, лютэранскіх, рэфармацкіх, аб'яднаных і метадысцкіх супольнасцей. У 2008 годзе Руская Праваслаўная Царква адмовілася ад актыўнага супрацоўніцтва з арганізацыяй пасля канфлікту вакол Праваслаўнай Царквы ў Эстоніі.
 

21 чэрвеня 2023, 09:58