Пошук

Перад выбарамі прэзідэнта ў парламенце Лівана Перад выбарамі прэзідэнта ў парламенце Лівана 

Ліван: рэлігійныя лідары спадзяюцца на абранне прэзідэнта

Лідары хрысціянскіх Цэркваў Лівана спадзяюцца на мірныя і дэмакратычныя прэзідэнцкія выбары ў парламенце. Яны пройдуць 14 чэрвеня 2023 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Патрыярх Мараніцкай Царквы, кардынал Бешара Раі выказаў пажаданне, каб усе бакі “пакінулі дух супраціву, варожасці і жадання навязваць свае ідэі іншым”. Яны павінны адчуваць нацыянальнае адзінства і братэрства, нават калі іх думкі разыходзяцца.

“Ліванцы ў краіне і за мяжой і сябры Лівана з нецярпеннем чакаюць дня выбараў”, - сказаў іерарх, які ўзначальвае найбуйнейшую хрысціянскую супольнасць у Ліване і мае важны голас у палітычным жыцці краіны.

Таксама грэка-праваслаўны Мітрапаліт Бейрута Эліяс Аўдзі спадзяецца на тое, што сесія парламента ў выніку прывядзе да абрання лідара, які “выратуе краіну”.

Пасада прэзідэнта Лівана, які павінен быць хрысціянінам-маранітам у адпаведнасці з Нацыянальным пактам 1943 года, была вакантнай пасля таго, як Мішэль Аун падаў у адстаўку ў кастрычніку 2022 года.

На выбарах 14 чэрвеня будуць змагацца рэгіянальны дырэктар МВФ Джыхад Азур, якога падтрымліваюць асноўныя хрысціянскія партыі, і фаварыт шыіцкіх груповак Хезбала і Амаль Сулейман Франдж’е з партыі Марада.

У перыяд з верасня 2022 года па студзень 2023 года адбыліся 11 выбарчых сесій. Ні адна з іх не прынесла вынікаў. Значная частка членаў парламента падавала пустыя або несапраўдныя бюлетэні або ўстрымлівалася ад галасавання.
 

14 чэрвеня 2023, 09:43