Пошук

Кардынал Луіс Антоніа Тагле падчас візіту ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга Кардынал Луіс Антоніа Тагле падчас візіту ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга  (Foto dalla pagina FB di UCS-Goma)

Кардынал Тагле запэўніў у блізкасці Папы бежанцаў на ўсходзе Конга

Кардынал Луіс Антоніа Тагле наведаў лагер для бежанцаў Лушала ў Гоме, запэўніўшы людзей, якія знайшлі там прытулак, у салідарнасці і блізкасці Францішка.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Про-прэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі, у якасці спецыяльнага пасланніка Святога Айца, здзейсніў візіт у Дэмакратычную Рэспубліку Конга. Нагода стаў нацыянальны эўхарыстычны кангрэс, што прайшоў у горадзе Лумумбашы. На заканчэнне пілігрымкі іерарх скіраваўся ў правінцыю Паўночнае Ківу – рэгіён, багаты прыроднымі рэсурсамі, які на працягу больш чым 20 гадоў пакутуе ад канфлікту паміж урадавымі войскамі і паўстанцамі.

Візіт у Паўночнае Ківу павінен быў стаць адным з пунктам падарожжа Папы ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга ў 2022 годзе. Яно, аднак, было адкладзена па прычыне праблем са здароўем Святога Айца. Калі ж Францішак адправіўся ў гэту афрыканскую краіну ў студзені 2023 года, ён не змог адведаць рэгіён з-за адсутнасці належных умоў бяспекі.

Пілігрымка кардынала Тагле, які адказвае ў Рымскай курыі за евангелізацыю на місійных тэрыторыях, стала пэўнага роду кампенсацыяй за няўдалы візіт Францішка. Ватыканскі іерарх філіпінскага паходжання прыбыў у лагер для бежанцаў Лушала, дзе, нягледзячы на дождж, яго віталі каля 13 тысяч чалавек.

“Я хачу пераказаць вам айцоўскае прывітанне папы Францішка, які пастаянна памятае пра вас у сваіх малітвах. Ведайце, што ён хацеў прыехаць у Гому, каб выказаць вам сваю блізкасць. Ён вельмі пакутаваў, калі даведаўся, што не зможа прыехаць сюды. Аднак будзьце ўпэўненыя, што вы прысутнічаеце ў яго думках і сэрцы”, - сказаў кардынал Тагле. Іерарх таксама благаславіў дзве вялікія цыстэрны для вады, якія Святы Айцец распарадзіўся перадаць для лагера бежанцаў у Лушале.
 

15 чэрвеня 2023, 10:59