Пошук

Арцыбіскуп Паола Пецы Арцыбіскуп Паола Пецы 

Арцыбіскуп Пецы пра візіт папскага пасланніка ў Маскву

Візіт папскага пасланніка ў Маскву запаліць полымя надзеі на мір. На гэта спадзяецца арцыбіскуп Паола Пецы, пастыр архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве.

Аляксандр Амяльчэня - Vatiacan News

Іерарх падкрэсліў, што ў дыпламатычнай дзейнасці Святога Пасада ніколі не кіруюцца палітычнымі ці эканамічнымі кампрамісамі, але заўсёды ставяць на першае месца карысць чалавека. Ён лічыць, што кожная сустрэча запальвае надзею і з’яўляецца крокам да пераадолення д’ябальскай пагрозы, якая зыходзіць ад вайны, што як раз і забівае надзею ў пакутуючых людзях.

На пытанне, ці будзе з прычыны маштабу цяжкасцей візіт папскага пасланніка ў Маскву нагадваць біблейскую сутычку Давіда і Галіяфа, арцыбіскуп Пецы адказаў, што аддае перавагу разглядаць гэта як чарговую міратворчую сустрэчу. Ён падкрэсліў, што такі шлях патрабуе як цярпення, так і стараннасці, аб чым нагадвае Папа Францішак.

Пакуль невядома, калі кардынал Матэа Дзупі адправіцца ў Расію. Папскі пасланнік толькі пацвердзіў, што візіт рыхтуецца. Перад ад’ездам ён яшчэ паразмаўляе са Святым Айцом.

Маскоўскі пастыр выказаў надзею на тое, што падчас візіту пройдзе сустрэча з Патрыярхам Кірылам, падкрэсліўшы, што рэлігійны фактар у мірным дыялогу адыгрывае важную ролю. На пытанне аб магчымай сустрэчы з прэзідэнтам Пуціным ён адказаў, што нічога пра гэта не ведае.

Масква стане другім этапам місіі кардынала Дзупі. У пачатку чэрвеня папскі пасланнік наведаў Кіеў. Мэтай місіі, ускладзенай на яго Францішкам, з'яўляецца не мірнае пасрэдніцтва, а "паслабленне напружанасці ў канфлікце ва Украіне ў надзеі на запуск мірных працэсаў".
 

26 чэрвеня 2023, 11:55