Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Афрыка: палітыкі і рэлігійныя лідары супраць прапаганды абортаў

Афрыканскія палітычныя і рэлігійныя лідары звяртаюцца да ўладаў ЗША з заклікам не сумяшчаць праграмы па прафілактыцы ВІЧ з прапагандай абортаў.

Ян Глінскі

Зварот быў скіраваны ў сувязі з зацвярджэннем прэзідэнцкай Глабальнай праграмы выратавання ад СНІДу (PEPFAR) на бліжэйшыя пяць гадоў. Справа датычыць велізарнай сумы – 5 мільярдаў долараў у год.

Прэзідэнцкая праграма дапамогі, якая стартавала ў 2003 годзе падчас кіравання Джорджа Буша, першапачаткова ўлічвала афрыканскія каштоўнасці. Прапагандаваліся сексуальнае ўстрыманне і шлюбная вернасць, а не толькі выкарыстанне прэзерватываў, якія ствараюць ілжывае пачуццё бяспекі і заахвочваюць да распусты.

Пад уплывам антынаталісцкага лобі ў Дэмакратычнай партыі, у прэзідэнцкую праграму па барацьбе са СНІДам уносяцца элементы, якія не маюць дачынення да гэтай хваробы, але прапагандуюць каштоўнасці, супярэчныя з традыцыямі жыхароў Афрыкі.

З гэтай прычыны 150 палітычных і рэлігійных лідараў з 15 краін Афрыкі, у тым ліку шматлікія каталіцкія біскупы, прадстаўнікі манаскіх супольнасцей і іншых хрысціянскіх канфесій, плануюць скіраваць свой зварот да амерыканскага Кангрэса.

Аўтары закліку дзякуюць амерыканцам за шматгадовую дапамогу ў барацьбе са СНІДам, якая, як яны прызнаюцца, прынесла карысць мільёнам афрыканцаў. Яны нагадваюць, што ў першапачатковай стратэгіі праграмы шанаваліся каштоўнасці карэннага насельніцтва, а таксама акцэнтавалася ўвага на абароне і захаванні жыцця, на прапагандзе ўстрымання і адказных паводзін. Адначасова аўтары звароту выказваюць “занепакоенасць і падазрэнні”, што сродкі, выдзеленыя на чарговыя пяць гадоў, “будуць падтрымліваць так званыя прынцыпы і практыкі планавання сям’і і рэпрадуктыўнага здароўя, уключаючы аборты, якія парушаюць нашы асноўныя перакананні аб жыцці, сям’і і рэлігіі”.

Афрыканскія лідары заклікаюць амерыканскіх палітыкаў, каб прэзідэнцкая праграма дапамогі засталася вернай сваёй першапачатковай місіі, каб у ёй шанаваліся афрыканскія нормы, традыцыі і каштоўнасці: “Мы просім, каб партнёрскія арганізацыі, з якімі супрацоўнічае ўрад ЗША, рэалізоўвалі гэтыя праграмы свядома і з пашанай да нашых перакананняў”.
 

16 чэрвеня 2023, 10:31