Пошук

Дэманстрацыя супраць эўтаназіі ў Лісабоне, Партугалія Дэманстрацыя супраць эўтаназіі ў Лісабоне, Партугалія 

Партугалія: рэлігійныя асацыяцыі супраць легалізацыі эўтаназіі

Прадстаўнікі дзевяці рэлігійных аб'яднанняў выступілі з сумесным пратэстам да ўладаў Партугаліі пасля таго, як 12 мая 2023 года парламент краіны ўхваліў закон, які легалізуе эўтаназію.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прэзідэнт Партугаліі Марселу Рэбелу дэ Соуза падпісаў дакумент 16 мая вечарам. Нягледзячы на тое, што раней кіраўнік дзяржавы выступаў супраць магчымасці легалізацыі эўтаназіі, ён патлумачыў, што партугальскае заканадаўства абавязвае яго падпісаць законапраект, паколькі ў пятніцу палата зноў прыняла той жа законапраект абсалютнай большасцю галасоў пасля накладання прэзідэнцкага вета ў сакавіку.

Прадстаўнікі рэлігійных аб'яднанняў, уключаючы кардынала-патрыярха Лісабонскага Мануэля Клементэ, напісалі ў сумесным лісце пад назвай Клопат да канца са спачуваннем, што ўхвалены закон супярэчыць замацаваным у Канстытуцыі гарантыям абароны чалавечага жыцця. Яны падкрэслілі, што гэта стварае "прабел у абароне чалавечага жыцця, які не можа быць ліквідаваны".

З 2017 года Асамблея рэспублікі ўжо пяць разоў ухваляла закон, які легалізуе эўтаназію. Двойчы на яго накладваў вета прэзідэнт, двойчы Канстытуцыйны суд прызнаваў заканадаўства несумяшчальным з Асноўным Законам.

Найбуйнейшая апазіцыйная група ў партугальскім парламенце, Сацыял-дэмакратычная партыя, заявіла, што аспрэчыць новы закон у Канстытуцыйным судзе. Ён прадугледжвае, што чалавек, які дапускаецца да так званага дапаможнага або асіставанага памірання, павінен будзе прайсці сумоўе з медыцынскай камісіяй, пры гэтым камісія павінна сцвердзіць, што пацыент "пакутуе з высокай ступенню інтэнсіўнасці".

Святы Айцец 13 мая 2023 года выказаў сваё шкадаванне з прычыны прыняцця ў Партугаліі эўтаназійнага закона. У сваім паведамленні ў Твітары Францішак напісаў: "Сёння мы адзначаем свята Маці Божай Фацімскай, і я засмучаны тым, што ў краіне, дзе аб’явілася Багародзіца, абвешчана права на забойства. Яшчэ адзін радок у спісе краін, якія ўхвалілі эўтаназію".
 

18 мая 2023, 12:27