Пошук

Рым Рым 

Святы 2025 год: улады Рыма скардзяцца на недахоп персаналу

Гарадская адміністрацыя Рыма занепакоена недахопам работнікаў для падрыхтоўкі да Cвятога 2025 года. Гаворка ідзе пра 2 тысячы чалавек персаналу, - паведаміла газета Il Messaggero.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Ужо цяпер не хапае інжынераў і архітэктараў для планавання будаўнічых работ і ўсё менш часу для іх правядзення.

Рым плануе маштабныя мерапрыемствы да Святога года. Чакаецца прыезд 45 мільёнаў пілігрымаў і турыстаў. Самы важны праект – падземны пераход насупраць Замка святога Анёла, які павінен ператварыць усю тэрыторыю ад Тыбра да Ватыкана ў пешаходную зону. Таксама давядзецца пабудаваць падземную аўтастаянку побач з Ватыканам і правесці рэканструкцыю плошчаў і вуліц вакол чыгуначнага вакзала Сан-П'етра. Акрамя таго, плануецца закупіць новыя чыгуначныя саставы і гарадскія аўтобусы, а таксама пабудаваць больш жылля для паломнікаў.

Па дадзеных газеты, каб завяршыць праекты і прадухіліць міграцыю ў прыватны сектар, адміністрацыя горада прапануе прэмію супрацоўнікам. Акрамя таго, муніцыпальныя ўлады вядуць перамовы з урадам аб фінансаванні занятасці на гэты выключны час. Тое ж датычыцца і супрацоўнікаў паліцыі.

Святы 2025 год пройдзе пад дэвізам Пілігрым надзеі. Цэнтральнымі элементамі юбілейнага года з'яўляюцца пілігрымка ў Рым, праходжанне праз Святыя дзверы ў базіліцы святога Пятра і атрыманне адпусту. У праграме таксама наведванне вялікіх бызілік Рыма.

У Каталіцкім Касцёле Святы год адзначаецца кожныя 25 гадоў, часам праводзяцца надзвычайныя Святыя гады. Апошні пазачарговы Год Міласэрнасці, абвешчаны Францішкам, праводзіўся са снежня 2015 года па лістапад 2016 года.
 

06 сакавіка 2023, 14:07