Пошук

Наступствы смяротнага крушэння карабля мігрантаў у Стэката-дзі-Кутра каля Кратонэ Наступствы смяротнага крушэння карабля мігрантаў у Стэката-дзі-Кутра каля Кратонэ 

Францішак моліцца за ахвяр катастроф у Грэцыі і Італіі

Пасля малітвы Angelus Святы Айцец запэўніў у сваіх малітвах аб ахвярах нядаўняй чыгуначнай катастрофы ў Грэцыі і бедства мігрантаў ля берагоў Італіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Дарагія браты і сёстры, у гэтыя дні мае думкі часта звяртаюцца да ахвяр крушэння цягніка ў Грэцыі. Многія з іх былі маладымі студэнтамі. Я малюся за загінулых і выказваю сваю блізкасць да пацярпелых і іх сваякоў. Няхай іх суцешыць Багародзіца”, - звярнуўся да сабраных 5 сакавіка 2023 года на плошчы святога Пятра Францішак.

Ён выказаў свой смутак з нагоды трагедыі, якая адбылася ў водах Кутра блізу італьянскага Кратонэ. “Малюся за шматлікіх ахвяр гэтай марской катастрофы, за іх сем'і і за тых, хто выжыў. Выказваю сваю ўдзячнасць і падзяку мясцоваму насельніцтву і ўстановам, якія салідарна працуюць і прымаюць гэтых нашых братоў і сясцёр. Таксама зноў звяртаюся да ўсіх з заклікам не дапусціць паўтарэння такога роду трагедый”, - сказаў Папа.

“Няхай гандляры людзьмі будуць спынены! Няхай яны ніколі больш не падвяргаюць небяспецы жыццё столькіх нявінных людзей! Няхай ніколі больш падарожжа надзеі не ператвараецца ў падарожжа смерці! Няхай чыстыя воды Міжземнага мора ніколі больш не будуць заплямлены крывёй ахвяр такіх драматычных катастроф. Няхай Пан дасць нам сілы зразумець і заплакаць!” - заклікаў Францішак.
 

05 сакавіка 2023, 12:49