Пошук

Разбураная землятрусам грэчаска-праваслаўная царква ў Антак'і Разбураная землятрусам грэчаска-праваслаўная царква ў Антак'і 

Біскуп пра Антыёхію пасля землятрусу: выглядае апакаліптычна

"Я ўбачыў сцэну, нібы пасля атамнай вайны: горад-прывід, безжыццёвы, дзе на многія кіламетры не відаць ніводнага жылля, якое падлягала б рамонту", - так апісаў сітуацыю ў Антыёхіі біскуп Паола Біцэці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Апостальскі вікарый Анатоліі наведаў гэты пункт, асабліва пацярпелы ад нядаўняга землятрусу ў Турцыі і Сірыі. Ён адзначыў, што там ужо з'явіліся першыя выпадкі халеры, санітарная сітуацыя вельмі небяспечная.

Па афіцыйных дадзеных, у выніку стыхійнага бедства загінула больш за 50 тысяч чалавек, але рэальная колькасць можа быць значна большай, паколькі многія раёны ахоплены вайной ці населены бежанцамі, там цяжка зрабіць дакладную ацэнку сітуацыі. Акрамя таго, больш за 500 тысяч чалавек перасяліліся ў іншыя раёны сваіх краін.

У інтэрв'ю агенцтву AsiaNews Біцэці заклікаў не забываць пра гэту трагедыю, асабліва цяпер, калі СМІ паступова губляюць да яе цікавасць. Ён прызнаўся, што выгляд Антыёхіі ў поўных руінах зрабіў наім большае ўражанне, чым сітуацыя ў Іскендэруне, дзе землятрус разбурыў катэдру. "Цяжка зразумець і апісаць гэта, калі не бачыш на свае вочы", - патлумачыў іерарх.

Ён адзначыў, што мясцовы Caritas дапамагае, чым можа. Гаворка ідзе пра размеркаванне асноўных рэчаў. Апостальскі вікарый Анатоліі лічыць, што неабходна сачыць за тым, каб падтрымка заставалася ўсебаковай і не ператваралася проста ў адпраўку грошай час ад часу.
 

01 сакавіка 2023, 11:06