Пошук

Папа Францішак і Архіепіскап Джасцін Уэлбі Папа Францішак і Архіепіскап Джасцін Уэлбі  (AFP or licensors)

Архіепіскап Уэлбі: Папа мае надзвычайна глыбокую чалавечнасць

Глыбіня, якая прысутнічае ў Францішку, гэта благаслаўленне для ўсёй Царквы, не толькі для Каталіцкага Касцёла, - падкрэсліў Архіепіскап Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Прымас Англіканскай Царквы ў сваім віншаванні Францішку з нагоды дзясятай гадавіны яго абрання на Пасад святога Пятра згадаў пра іх першую сустрэчу і вылучыў тры галоўныя рысы Пантыфіка.

“Я пераканаўся ў яго надзвычайна глыбокай чалавечнасці, якая не сыходзіць да кампрамісаў з праўдай і надае кожнаму чалавеку бясконцую каштоўнасць. Многія кажуць пра гэта – я пра гэта кажу, – але ён гэтым жыве”, - дадаў Архіепіскап Уэлбі.

Другая рыса, на якую звярнуў увагу англіканскі лідар – гэта шырока вядомая адкрытасць Папы ў падыходзе да маралі, які намагаецца глядзець на праблемы з дапамогай “іншай лінзы”, іншым чынам. “Магчыма справа ў яго езуіцкім досведзе”, - напісаў іерарх, падкрэсліваючы, што калі гаворыш з Францішкам пра розныя пытанні, на якія павінны адказаць Цэрквы, ён глядзіць у чалавечае сэрца і знаходзіць такія шляхі любові, якія здольныя зрабіць растапіць самыя закамянелыя часткі сэрца”, - заўважыў Прымас, дадаючы, што трэцяй рысай Папы лічыць яго шчырую прастату.

“Гэтыя тры рэчы: яго славутыя інтэлектуальныя здольнасці і характар, глыбіня яго сэрца і прастата, дазваляюць яму дасягнуць надзвычайным чынам тых, хто знаходзіцца па-за Касцёлам, як рабіў святы Ян Павел ІІ. У ім ёсць глыбіня, якая з’яўляецца благаслаўленнем для ўсёй Царквы, не толькі для Каталіцкага Касцёла”, - завяршыў сваё віншавальнае пасланне англіканскі іерарх.
 

13 сакавіка 2023, 08:42