Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

СМІ пра візіт Францішка ў Афрыку

СМІ паведамляюць пра вельмі станоўчую атмасферу падчас афрыканскага падарожжа Францішка. Яны прыводзяць шмат станоўчых каментарыяў на яго тэму.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На вокладцы суботняга выпуску паўднёваафрыканскага штотыднёвіка The Continent змешчана фота Святога Айца, які едзе на папамабілі, акружаны натоўпам вітаючых яго жыхароў сталіцы Дэмакратычнай Рэспублікі Конга і дзясяткамі тэлекамер. “Для Папы, які мае патрэбу ў хуткай маральнай падтрымцы, няма лепшага месца, чым Кіншаса”, - піша часопіс, падкрэсліваючы “энтузіязм прыёму”, не меншы за той, які Францішак сустрэў у Паўднёвым Судане. Гэтыя незвычайныя сцэны падкрэсліваюць тое, што статыстыка кажа Касцёлу – будучыня каталіцтва за Афрыкай”, - адзначае The Continent.

У рэпартажы са сталіцы Паўднёвага Судана Джубы Radio Tamazuj паведамляе пра тысячы вернікаў, якія, не звяртаючы ўвагі на “пякучае сонца”, працягвалі чакаць, у надзеі ўбачыць Папу ў яго маленькім белым фіяце. EyeRadio называе першы візіт Пантыфіка "гістарычным момантам" для краіны таксама і таму, што ён прыбыў з "пасланнем міру і згоды" ў рэгіён, ахоплены насіллем. Пасля сустрэчы з прэзідэнтам Сальвай Кіірам і віцэ-прэзідэнтам Рыекам Мачарам Францішак заклікаў народ "пазбягаць нянавісці, рознагалосся і дробязнасці".

Падчас візіту ў самую маладую краіну Афрыкі Святога Айца суправаджалі англіканскі Архіепіскап Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі і метадысцкі пастар з Шатландыі Іэн Грыншылдс. Паўднёвасуданская газета Sudan Tribune падкрэсліла, што экуменічная місія трох рэлігійных лідараў, накіраваная на ўсталяванне міру ў краіне, якую раздзірае вайна, "з'яўляецца рэдкасцю". Ужо ў першы дзень візіту яны выступілі з “прамым зваротам” да палітыкаў Паўднёвага Судана.

Замежныя СМІ таксама звяртаюць увагу на сімвалічнае значэнне замежнай паездкі Папы. BBC адзначае, што “падарожжа адбываецца ў той час, калі доўгатэрміновы мір і стабільнасць у Паўднёвым Судане здаюцца далёкай перспектывай”. “Грамадзяне пакутуюць ад жахлівай галечы, і ў іх мала надзеі на палітычных лідараў сваёй краіны”, - піша карэспандэнт брытанскага медыя.

У Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, у якой Францішак быў з 31 студзеня па 3 лютага 2023 года, мясцовыя СМІ прыводзяць шмат станоўчых каментарыяў. Касцёльныя ўлады хваляць урад за паспяховае правядзенне папскага візіту. Урад, тэлерэпарцёры і нават вулічныя гандляры задаволеныя, рэзюмуе Radio Okapi. Яно падкрэслівае, што моладзь вельмі хацела б, каб папскі візіт працягваўся даўжэй. У той жа час радыёстанцыя паведаміла, што на вуліцах Кіншасы найбольш прадаваліся календары, сцягі і бірулькі з папскім матывам, папяровы капялюш каштаваў у эквіваленце 45 еўрацэнтаў.

Партал Digital Congo лічыць, што Францішак можа ганарыцца сваім візітам. Бо ў гэтыя дні ён “рэалізаваў сваю місію апостала міру і паяднання”.
 

05 лютага 2023, 11:10