Пошук

Арцыбіскуп Пол Галахер падчас сустрэчы з мясцовымі ўладамі ў Львове. 19.05.2022 Арцыбіскуп Пол Галахер падчас сустрэчы з мясцовымі ўладамі ў Львове. 19.05.2022  (ANSA)

Святы Пасад гатовы садзейнічаць мірнай ініцыятыве па Украіне

Святы Пасад гатовы пасадзейнічаць рэалізацыі вялікай мірнай ініцыятывы па Украіне, але на дадзены момант памкненні бакоў, якія вядуць вайну, не дазваляюць зрабіць гэта, - адзначыў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сакратар па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі выступіў з лекцыяй на канферэнцыі “Вайна ва Украіне і прароцтва міру”, якая праходзіла ў рымскім Урбаніянскім універсітэце.

Дыпламат адзначыў, што бакі не выглядаюць гатовымі і не размаўляюць на мове, на якой адзін мог бы прыняць прапановы іншага. Святы Пасад актыўна размаўляе, абмяркоўвае, праводзіць сустрэчы, прымае паслоў, але на дадзены момант няма на што спадзявацца, таму што клімат канфлікту не вельмі адкрыты.

“Папа, - падкрэсліў арцыбіскуп Галахер, - пастаянна выказваецца на тэму вайны, гаворыць аб тым, што трэба рабіць: ствараць новую культуру міру і будаваць структуры, якія могуць эфектыўна спрыяць гэтаму ў Еўропе”.

Іерарх, пасада якога ў свецкай кан’юнктуры адпавядае міністру замежных спраў, адзначыў, што ўсе ў Еўропе лічылі вайну немагчымай, а цяпер няма часткі свету, якая б не была закранута гэтай вайной, адсюль заклік да інстытутаў і асобных людзей думаць нестандартна для пошуку рашэння.

“Мы не можам нічога выключаць, таму што сітуацыя вельмі сур’ёзная не толькі для Украіны і для ўсёй Еўропы, але і для свету”, - сказаў арцыбіскуп Галахер. Трэба працягваць маліцца і прасіць, бо, магчыма, толькі Божая дапамога выведзе нас з гэтай сітуацыі, - падкрэсліў ён. Іерарх дадаў, што Украіна мае права на справядлівую абарону, але яна павінна быць прапарцыянальнай і не прыводзіць да празмернай эскалацыі канфлікту.

Ватыканскі дыпламат выказаў занепакоенасць паскарэннем гонкі ўзбраенняў. У 2021 годзе сусветныя ваенныя выдаткі ўпершыню перавысілі 2 трыльёна долараў, што ўдвая больш, чым у 2000 годзе, і значна больш, чым у часы халоднай вайны. Фактычна больш за 2 працэнта сусветнага багацця траціцца на ваенныя выдаткі, і гэта ў той час, калі эканоміка планеты скарацілася на 3 працэнта.

“Гэтыя рэсурсы, - сказаў Галахер, - непазбежна забіраюцца з інвестыцый для падтрымкі працоўных месц, аховы здароўя, развіцця і прадухілення голаду”. Іх маглі выкарыстаць для барацьбы з “пагрозамі бяспекі ХХІ стагоддзя, такімі як: беднасць, экалагічныя праблемы, тэрарызм, асіметрычныя канфлікты, пандэміі і глабальнае пацяпленне.
 

23 студзеня 2023, 10:37