Пошук

Кардынал П’етра Паралін Кардынал П’етра Паралін 

Кардынал Паралін: мафія – гэта выбар рабства

Дзяржсакратар Яго Святасці прыняў удзел у канферэнцыі, прысвечанай благаслаўлёнаму Разарыа Ліваціна, забітаму мафіяй у 1990 годзе. "Яго адметная фігура – прыклад для сённяшніх суддзяў", - сказаў кардынал Паралін, назваўшы нядаўні арышт італьянскага мафіёзі Матэа Месіна Дэнары "поспехам дзяржавы".

Марыя Валодзіна – Vatican News

Арышт боса сіцылійскай мафіі з'яўляецца "поспехам дзяржавы", - адзначыў кардынал Дзяржсакратар, адказваючы 18 студзеня 2023 года на пытанні журналістаў перад тым, як прыняць удзел у канферэнцыі, арганізаванай італьянскім Сенатам у памяць аб суддзі Ліваціна. Падчас мерапрыемства ў бібліятэцы рымскага Палаца Мадама, дзе месціцца Сенат, будзе выстаўлена рэліквія - скрываўленая кашуля суддзі, ў якой ён загінуў 21 верасня 1990 года.

Пры ажыццяўленні правасуддзя застаецца па-ранейшаму фундаментальнай неабходнасць ставіць у цэнтр чалавека, як гэта рабіў благаслаўлёны Разарыа Ліваціна, першы суддзя, якога ўшаноўвае Касцёл, - падкрэсліў Дзяржсакратар. - Суддзя Ліваціна даказаў, "што вера можа стаць душой і правадніком у ажыццяўленні правасуддзя". Зрабіць выбар, казаў Ліваціна, - гэта адна з самых цяжкіх спраў для суддзі, але, калі ён верыць у Бога, то можа знайсці дапамогу ў сустрэчы з Ім у малітве і Евангеллі. Такім чынам судовая ўлада "пры правільным ажыццяўленні сваіх рашэнняў становіцца працягам дзейнасці Бога".

Дзяржсакратар узгадаў, што мафіёзі ненавідзелі "жыццё Разарыа Ліваціна ў веры і малітве”, называючы яго фанатыкам. Гэты чалавек, “выносячы ім прысуд, маліўся за душы загінулых у мафіёзных войнах". Мафіёзі, якія "выказваюць пашану святым і Маці Божай", сваімі дзеяннямі “адмаўляюць хрысціянства” і вызнаюць нейкую "форму паганства, прысвечаную богу грошай".

Благаслаўлёны Разарыа Ліваціна "заўсёды ўмеў праяўляць цноту прабачэння. Ён ніколі не забываў тых, каму патрэбна дапамога, у тым ліку і затрыманых. Гледзячы на Хрыста, ён "памятаў, што неабходна ставіць міласэрнасць на першае месца, нават перш за справядлівасць", - сказаў кардынал П’етра Паралін.

19 студзеня 2023, 13:15