Пошук

Ілюстрацыйная выява Ілюстрацыйная выява 

Прэзідэнт Microsoft пра ролю рэлігій у новай лічбавай антрапалогіі

Прэзідэнт кампаніі Microsoft Брэд Сміт даў інтэрв’ю Osservatore Romano з нагоды мерапрыемства, прысвечанага лічбавай антрапалогіі і штучнаму інтэлекту, якое прайшло 10 студзеня 2023 года ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна – Vatican News

На пытанне аб тым, які плён прынеслі намаганні па пошуку саюза паміж этыкай, палітыкай і правам за чатыры гады пасля яго сустрэчы з Францішкам у 2019 годзе, ён адказаў, што, па-першае, “нарадзілася цудоўнае партнёрства і сяброўства”. Новая эпоха, у якой мы жывем, патрабуе больш шырокіх і сумесных намаганняў. Падпісанне Рымскага закліка да этыкі штучнага інтэлекту сведчыць аб тым, што гэта пасланне распаўсюджваецца ўсё шырэй па ўсім свеце, а таксама дасягае іншых рэлігій. І гэта толькі пачатак.

Яшчэ 20 гадоў таму Ёзэф Ратцынгер казаў аб імклівым тэхналагічным развіцці, якому не адпавядаў прагрэс у галіне этыцы. Сёння Францішак папярэджвае нас аб тым, што алгарытм не можа судзіць чалавека. Кіраўнік Microsoft узгадаў параду, якую даў яму Папа, паціскаючы руку ў 2019 годзе: "Не губляй сваёй чалавечнасці”.

На думку Брэда Сміта, падтрымка чалавецтва займае цэнтральнае месца ў новых тэхналогіях. Гэта патрабуе пераасэнсавання некаторых традыцыйных этычных канцэпцый, такіх як празрыстасць і справядлівасць. А таксама больш шырокай ацэнкі ўплыву тэхналогій на жыццё людзей, для таго, каб аказаць падтрымку бедным, маладым і пажылым.

Глава Microsoft лічыць, што “2023 год стане паваротным для штучнага інтэлекту і яго ўплыву на жыццё людзей”. Наступіла новая эра шырокага выкарыстання штучнага інтэлекту. Ён можа прынесці неверагодную карысць, але яго патэнцыял неабходнасць выкарыстоўваць асцярожна, бо любыя перамены нясуць рызыку.

Брэд Сміт распавёў, што за апошнія чатыры гады Microsoft распрацавала штучны інтэлект, заснаваны на прынцыпах адказнасці. У кампаніі існуе палітыка адказнасці, якой прытрымліваюцца інжынеры і ўсе супрацоўнікі, праводзяцца навучальныя курсы і ствараюцца тэхналагічныя інструменты кантролю. “Людзі кіруюць тэхналогіямі, а не наадварот”, - зазначыў ён.

На пытанне аб выкарыстанні тэхналогій для маніпулявання звычайнымі людзьмі, Брэд Сміт сказаў, што пра гэта трэба памятаць: “Мы павінны вызначыць спосабы няправільнага выкарыстання або злоўжывання тэхналогіямі”, такіх як фальшывыя навіны і інфармацыйныя ўкіды, якія часам ажыццяўляюць нават некаторыя ўрады. “Добрай навіной з'яўляецца тое, што мы можам выкарыстоўваць тэхналогіі для процідзеяння гэтым метадам. Мы можам папярэджваць і інфармаваць людзей, каб яны былі пільнымі. Пагроза не новая, але яна стала больш дасканалай. Мы таксама павінны стаць больш дасканалымі”, - лічыць эксперт.

Адказваючы на пытанне аб тым, ці могуць рэлігіі гуляць ролю ў новай лічбавай антрапалогіі, Брэд Сміт сказаў, што “роля рэлігій з’яўляецца вырашальнай”. “Мы не можам быць упэўнены ў тым, што тэхналогіі будуць служыць чалавецтву, калі галасы людзей не будуць улічвацца ў стварэнні гэтых тэхналогій”. У сваёй прамове да ўдзельнікаў сустрэчы на тэму штучнага інтэлекта Францішак падкрэсліў неабходнасць “стварыць такую культуру, каб служыць усім, агульнаму дабру чалавецтва ў агульным доме”.

“Папа заклікае нас задумацца аб устойлівасці планеты. Я лічу, што агульная культура не ўзнікне без падтрымкі вялікай ідэі, якую падзяляюць рэлігіі, філасофія, гуманітарныя навукі і тэхналогіі. Ватыкан за апошнія чатыры гады быў не проста форумам, дзе гучалі ўсе гэтыя галасы. Але таксама, як вучыць гісторыя Касцёла, тым месцам, адкуль гэта пасланне распаўсюдзіцца і дасягне ўсіх у свеце", - сказаў кіраўнік Microsoft.

12 студзеня 2023, 11:24