Пошук

  Fрцыбіскуп Антэ Ёзіч Fрцыбіскуп Антэ Ёзіч 

Нунцый: месцам расійска-ўкраінскіх перамоў мог бы стаць Мінск

Мінск пры пасрэдніцтве Святога Пасада мог бы стаць пляцоўкай для правядзення перамоў па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне, - лічыць Апостальскі нунцый у Беларусі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Мінск і раней быў цэнтрам перамоў і нават падпісання дамоў. Я думаю, што гэта стане магчымым і ў будучыні", - заявіў арцыбіскуп Антэ Ёзіч, якога цытуе Белта.

У размове з журналістамі іерарх прызнаўся, што ў верасні 2022 года падчас размовы з ім Папа адзначыў гатоўнасць сваю асабіста і Каталіцкага Касцёла стварыць для бакоў неабходныя ўмовы, спрыяючы такім чынам дасягненню больш хуткага вырашэння канфлікту мірным шляхам.

"І Святы Пасад таксама будзе ўплываць, наколькі гэта магчыма, на хрысціянскія краіны, асабліва тыя, дзе кіраўнікі з'яўляюцца хрысціянамі, католікамі, каб знайсці любое мірнае вырашэнне гэтага крызісу, дапамагчы людзям перажыць гэты момант і вярнуцца да нармальнага жыцця ў адзінстве і міры", - падкрэсліў нунцый.

Адно з пытанняў датычылася і сітуацыі з Чырвоным касцёлам у Мінску, зачыненым уладамі, паводле іх заявы, для правядзення рамонтных работ. У дыпламата няма інфармацыі аб тым, калі ў храме адновяцца набажэнствы.

"Наш Касцёл ужо прызначыў чалавека, які будзе займацца ўсімі адносінамі з горадам і пошукам магчымасцей для больш хуткага завяршэння рамонту і вяртання храма каталіцкай супольнасці”, - растлумачыў арцыбіскуп Ёзіч.

“Святы Пасад гатовы і будзе ўносіць уклад у вырашэнне любога пытання паміж дзяржавай і мясцовымі супольнасцямі нашага Касцёла. І мы будзем супрацоўнічаць заўсёды і, наколькі будзе магчыма, шукаць рашэнні выключна ў духу дыялогу, размовы і ўзаемаразумення", - заявіў прадстаўнік Пантыфіка.
 

19 снежня 2022, 07:33