Пошук

Патрыярх Канстанцінопальскі на сустрэчы з журналістамі Патрыярх Канстанцінопальскі на сустрэчы з журналістамі  

Барталамей I: разам з Папам да агульнай даты Вялікадня

Патрыярх Канстанцінопальскі падзяліўся думкамі аб сумесных намаганнях, якія ён прыкладае разам з Францішкам у кантэксце 1700-й гадавіны Нікейскага сабора для таго, каб прыйсці да агульнай даты святкавання Вялікадня.

Марыя Валодзіна – Vatican News

10 лістапада 2022 года Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей I прыняў у Патрыяршай рэзідэнцыі ў Стамбуле групу святароў і журналістаў, якія прыбылі ў Турцыю, каб наведаць мясціны, звязаныя з жыццём святога Паўла. Гэтую ініцыятыву арганізавала ватыканская арганізацыя Opera Romana Pellegrinaggi з мэтай даць новы імпульс паломніцтвам пасля вымушанага перапынку, выкліканага пандэміяй.

Вітаючы пілігрымаў, Патрыярх накіраваў сваю думку перш за ўсё да “брата па веры” Францішка, з якім нядаўна сустракаўся ў Бахрэйне. Ён таксама паведаміў, што збіраецца паехаць на Кіпр, каб прыняць удзел у пахаванні кіраўніка мясцовай праваслаўнай царквы Хрызастома ІІ, які памёр 7 лістапада пасля доўгай хваробы. Падчас пахавання Патрыярх будзе мець магчымасць сустрэцца з прадстаўніком Папы кардыналам Куртам Кохам, прэфектам Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству. Адказваючы на пытанні журналістаў, ён распавёў аб сумесных з Папам намаганнях, звязаных са святкаваннем 1700-годдзя Першага Нікейскага Сабору, які быў сазваны імператарам Канстанцінам у 325 годзе.

Патрыярх нагадаў, што сярод рашэнняў Сабора было вызначэнне даты святкавання Вялікадня. “На жаль, цягам многіх гадоў мы ўжо не святкуем яго разам, цягам многіх стагоддзяў. Такім чынам, у рамках гадавіны прадметам нашых сумесных з Папам намаганняў з'яўляецца вырашэнне гэтай праблемы. Можа яшчэ не прыйшоў час гаварыць аб дэталях, але хачу падкрэсліць, што як з праваслаўнага, так і з каталіцкага боку ёсць добры намер вызначыць нарэшце агульную дату для святкавання Уваскрасення Хрыстова. Спадзяемся дасягнуць на гэты раз добры вынік,” - сказаў Патрыярх.

12 лістапада 2022, 09:38