Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад занепакоены сітуацыяй у Нікарагуа

Святы Пасад выказаў занепакоенасць крызісам паміж урадам Даніэля Артэгі і Каталіцкім Касцёлам у Нікарагуа і заклікаў бакі да пошуку шляхоў паразумення, заснаваных на павазе і ўзаемным даверы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

12 жніўня 2022 года ў Вашынгтоне на форуме Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў пазіцыю ватыканскай дыпламатыі прадставіў ксёндз Хуан Антоніа Круз.

Гэта першая рэакцыя Святога Пасаду на апошнія падзеі ў Нікарагуа. На поўначы цэнтральнаамерыканскай краіны былі закрыты сем каталіцкіх радыёстанцый, а біскуп знаходзіцца пад хатнім арыштам.

“Святы Пасад не можа не выказаць сваю занепакоенасць у сувязі з тым, што адбываецца, адначасова запэўніваючы асоб, адданых дыялогу як незаменнаму інструменту дэмакратыі і гаранту больш гуманнай і братэрскай цывілізацыі, што заўсёды будзе з імі супрацоўнічаць”, - сказаў дыпламат.

На той жа надзвычайнай сесіі Пастаяннай рады Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў, дзе была ўхвалена рэзалюцыя з асуджэннем дзейнасці ўрада Артэгі, прадстаўнік Пантыфіка заклікаў бакі “знайсці шляхі паразумення, заснаваныя на павазе і ўзаемным даверы, імкнучыся перш за ўсё да агульнага дабра і міру”.

У тэксце рэзалюцыі гучыць асуджэнне “гвалтоўнага закрыцця НДА, пераследу і адвольных абмежаванняў, накладзеных на рэлігійныя і крытычна настроеныя ў адносінах да ўрада арганізацыі” ў Нікарагуа. У Артэгі запатрабавалі вызваліць усіх “палітычных зняволеных”, спыніць пераслед незалежнай прэсы і гарантаваць права на свабоду слова.

Некалькі дзён таму 61 грамадзянская апазіцыйная і іміграцыйная арганізацыя накіравала Папу ліст з просьбай адрэагаваць на сітуацыю.

Заява прадстаўніка Святога Пасаду пры Арганізацыі амерыканскіх Дзяржаў прагучала ў той час, калі біскуп Матагальпы, горада ў 30 кіламетрах на поўнач ад сталіцы, Раланда Альварэс разам з шасцю святарамі і чатырма свецкімі ўтрымліваўся паліцыяй у біскупскай курыі. Гэта адбылося таксама праз некалькі гадзін пасля таго, як паліцыя Нікарагуа забараніла працэсію ў гонар Маці Божай Фацімскай, запланаваную на 13 жніўня ў Манагуа.

6 сакавіка 2022 года рэжым выслаў з краіны Апостальскага нунцыя, арцыбіскупа Вальдэмара Зомертага, раней, 18 лістапада 2021 года, урад Нікарагуа дэкрэтам скасаваў пасаду “дэкана дыпламатычнага корпуса”, якую з 2000 года займаў прадстаўнік Святога Пасаду.

Сапраўдным матывам сталі вельмі напружаныя адносіны паміж мясцовымі дзяржавай і Касцёлам. Амаль усе біскупы краіны не прынялі ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах 7 лістапада 2021 года, на якіх Артэга дамогся свайго трэцяга пераабрання. Акрамя таго, напярэдадні выбараў у шматлікіх заявах яны крытыкавалі цяперашнюю сітуацыю, у якой не рэалізуюцца правы чалавека, а значыць, няма дэмакратыі.

У чэрвені 2021 года Артэга закрыў каталіцкі тэлеканал, а ў ліпені выслаў з Нікарагуа 18 Місіянерак Любові пасля таго, як загадаў спыніць дзейнасць манаскай кангрэгацыі, заснаванай у 1980-х гадах Маці Тэрэзай з Калькуты.
 

14 жніўня 2022, 10:44