Пошук

Прэм'ер-міністр і Генерал-губернатар Канады відаюць Папу каля Квебекскай крэпасці Прэм'ер-міністр і Генерал-губернатар Канады відаюць Папу каля Квебекскай крэпасці 

Прэм’ер-міністр Канады: прымірэнне – адказнасць усіх нас

Мы прызнаем, што сістэма школ-інтэрнатаў была накіравана на асіміляцыю індзейскіх дзяцей. Прымірэнне – гэта адказнасць усіх нас, - заўважыў Прэм’ер-міністр Канады Джасцін Трудо.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

27 ліпеня 2022 года Францішак сустрэўся з канадскім палітычным класам. У Квебекскай крэпасці ён правёў прыватныя перамовы з Генерал-губернатарам Канады Мэры Сайман і Прэм’ер-міністрам Джасцінам Трудо. З кіраўніком ураду таксама сустрэўся кардынал П’етра Паралін, Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы.

Джасцін Трудо звярнуўся да Пантыфіка з прывітальнай прамовай. Ён спаслаўся на ўчарашні візіт Папы да месца ўшанавання святой Ганны, якая ўвасабляе сабой мацярынскую любоў і цеплыню сямейнага жыцця. Палітык падкрэсліў, што дзяцей з карэнных народаў, якіх сілай забіралі ў школы-інтэрнаты, проста пазбавілі сямейнага жыцця. Ён прызнаўся, што будучы бацькам, не можа ўявіць сабе, каб у яго забралі дзяцей.

Прэм’ер-міністр Канады заўважыў, што сустрэча Францішка з карэнным насельніцтвам у Масквачысе не была б магчымай без мужнасці і вытрываласці ахвяр, якія падзяліліся сваімі балючымі ўспамінамі і сведчаннямі.

Палітык падзякаваў Святому Айцу за просьбу аб прабачэнні, якая моцна ўзрушыла карэнныя народы. Ён працытаваў выказванне аднаго з індзейскіх правадыроў, які пасля красавіцкай сустрэчы з Папам у Ватыкане, прызнаўся, што яна нарадзіла пачуццё надзеі. “Сёння я хачу сказаць: давайце працягнем супольную працу, каб гэта надзея ажыла”, - заклікаў кіраўнік канадскага ўраду. Ён дадаў, што прымірэнне з’яўляецца абавязкам усіх, а існаванне адметнасцей не павінна разглядацца як перашкода, але як нагода, каб навучыцца, каб лепш разумець адно аднаго і каб дзейнічаць”.
 

28 ліпеня 2022, 10:00