Пошук

Сіра-якавіцкі Мітрапаліт Алепскі Грыгорый Іаан Ібрагім і праваслаўны Мітрапаліт Алепскі Павел (Язіджы) Сіра-якавіцкі Мітрапаліт Алепскі Грыгорый Іаан Ібрагім і праваслаўны Мітрапаліт Алепскі Павел (Язіджы) 

Сусветная Рада Цэркваў нагадала пра выкрадзеных іерархах з Алепа

Сусветная Рада Цэркваў у чарговы раз нагадала пра лёс двух архіепіскапаў з Алепа, выкрадзеных амаль дзевяць гадоў таму ў Сірыі, і заклікала да іх вызвалення.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Генеральны сакратар Рады, праваслаўны святар Іаан Саўка заявіў 28 лютага 2022 года ў Жэневе, што больш за 3 200 дзён нічога не вядома пра месцазнаходжанне двух іерархаў, выкрадзеных 22 красавіка 2013 года каля горада Алепа. Гаворка аб гэтым ішла ў сувязі з імклівым пагаршэннем сітуацыі хрысціян на Блізкім Усходзе.

“Мы маліліся кожны дзень і будзем працягваць маліцца за бяспечнае вяртанне архіепіскапаў у свае Цэрквы, супольнасці і сем’і”, - сказаў айцец Іаан. Ён падкрэсліў, што Сусветная Рада Цэркваў салідарная з усімі хрысціянамі Сірыі і рэгіёну.

Праваслаўны Мітрапаліт Алепскі Павел (Язіджы) і сіра-якавіцкі Мітрапаліт Алепскі Грыгорый Іаан Ібрагім былі выкрадзеныя невядомымі 22 красавіка 2013 года па дарозе ад сірыйска-турэцкай мяжы ў бок Алепа. Абодва выступалі за дыялог і мір паміж рэлігійнымі супольнасцямі ў Сірыі.

З моманту знікнення іерархаў да сённяшняга дня няма звестак пра іх лёс. У пачатку 2020 года з'явіліся навіны на аснове расследавання сірыйца, які жыве ў ЗША. Ён сцвярджае, што архіепіскапы былі забітыя ў снежні 2016 года байцамі адной з груповак джыхадзістаў. Іншыя эксперты лічаць гэтую інфармацыю няправільнай і недаказанай.
 

01 сакавіка 2022, 10:45