Пошук

 Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец заклікаў да далейшай малітвы за Украіну

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 9 лютага 2022 года ў Ватыкане, Святы Айцец аднавіў свой заклік да малітвы за мір ва Украіне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Хацеў бы падзякаваць усім людзям і супольнасцям, якія аб’ядналіся 26 студзеня ў малітве за мір ва Украіне. Давайце працягнем прасіць Бога міру, каб напружанасць і пагрозу вайны можна было пераадолець праз сур'ёзны дыялог, і каб гэтаму таксама спрыялі перамовы ў Нармандскім фармаце. Не забывайма, што вайна – гэта шаленства”, - звярнуўся Францішак.

Два тыдні таму Папа абвясціў адмысловы дзень малітвы, звязаны з ростам напружанасці вакол меж Украіны. У мінулую сераду на заканчэнне агульнай аўдыенцыі ён сам узначаліў кароткае набажэнства ў гэтай інтэнцыі.

Трэба адзначыць, што ў апошнія гады заклікі Пантыфіка да малітвы, дыялогу і актыўных дзеянняў на карысць вырашэння сітуацыі ва Украіне сталі рэгулярнымі. Ён пастаянна з вялікай трывогай сочыць за падзеямі ва ўсходніх рэгіёнах і настойліва просіць не дапусціць эскалацыі напружанасці, прымаючы захады па ўмацаванні ўзаемнага даверу і імкнучыся да прымірэння.
 

09 лютага 2022, 11:35